
- Алебастравы прыляплю... Будзе лепей, чым твой... - выгукнуў Крываблоцкi, хлопцы чокнулiся i ў гэты момант штосьцi масыўнае i важкае абрынулася на падлогу.
Дзед Трахiм адсунуў фiранку. На падлозе, нязграбна раскiнуўшы рукi, ляжаў упiты Гасюта.
- Каб вас парвала ад той гарэлкi, - азваўся стары i з вохканьнем кульнуўся на левую бачыну.
Пад самую ранiцу хата напоўнiлася нялюдзкiм храпам. На кухнi, падклаўшы пад голаў палена, хроп Гасюта, а ў сьвятлiцы дзерлi тхара Мiкола з Крываблоцкiм. Данiк зь Мiколам спалi нiжнiкам, пры гэтым унук часьцяком падбрыкваў правай нагой, бiў Крываблоцкаму пяткай у лабешнiк; скульптар на кароткi мiг ацiхаў, мыляў вуснамi i пачынаў храпцi зь яшчэ большым натхненьнем. I вось, калi Данiк схрапянуў ужо зусiм ашалела, i дзед Трахiм панурыў руку пад тапчан, шукаючы - чым запусьцiць у храпуна, на падворку пачулiся крокi i нехта дробна пастукаў у шыбу.
- Цi ў вас мая п'янтосiна? - крыкнула гасютава жонка i ад таго крыку забрахаў суседзкi сабака, а Данiк з унукам пакiнулi храпцi i зморана застагналi.
Падняла мужа Гасюцiха даволi хутка: плюснула зь вядра халоднай вады, а потым, мацюкнуўшыся, агрэла небараку паленам. Удар атрымаўся глухiм, але хвацкiм. Дзед Трахiм, лежачы за фiранкай, уражана залыпаў вачыма, а Данiк зь Мiколам стаiлi дых i з жаласьлiвым гукам выпусьцiлi паветра.
Гасючысiны праклёны зацiхлi на другiм канцы вулiцы, навакольныя сабакi збрахалiся да сiпу, залезьлi ў будкi, i змучаную дзедаву душу падхапiў i панёс па сваiх цёмных лябiрынтах доўгачаканы, а таму чуйны i замарачны сон.
Прысьнiлiся дзеду паховiны Сталiна. Спачатку ў сьвядомасьцi нарадзiлiся зыкi: гуд золкага ветру ў разьбiтых вокнах дэпо, лясканьне жалобных сьцягоў над галавою, галасiсты, з засопленым прыдыханьнем, плач дырэктаравай жонкi. Трахiм страсянуў ува сьне галавою i тут жа ўбачыў стрыжаныя патылiцы, чорную зеўру гучнагаварыльнiка i заплаканую начальнiцкую жонку.
