
- Любата.
I зачараваны Марысо, не зводзячы вачэй з паплаўка, адказваў:
- Гэта лепш, як сядзець на бульвары, га?
Сустрэўшыся цяпер, у такiх незвычайных абставiнах, яны былi вельмi ўсхваляваныя i моцна пацiснулi адзiн аднаму рукi. Саваж глыбока ўздыхнуў i сказаў:
- Вось як яно ўсё павярнулася.
Марысо панура прастагнаў:
- А надвор'е якое! Першы пагодны дзянёк сёлета.
Неба i сапраўды свяцiлася празрыстым блакiтам.
Яны моўчкi пайшлi па бульвары, кожны сумна думаючы пра сваё. Раптам Марысо сказаў:
- А як мы рыбку вудзiлi, га? Прыемна ўспомнiць!
Саваж уздыхнуў:
- Калi цяпер гэта будзе?
Яны зайшлi ў невялiчкую кавярню, выпiлi па чарцы абсенту i потым зноў пабрылi па тратуары.
Марысо нечакана спынiўся:
- Можа, яшчэ па чарцы, га?
Саваж згадзiўся:
- Не пярэчу.
Яны зайшлi ў другi шынок.
Выйшлi яны адтуль на добрым падпiтку, з ужо затлумленымi галовамi, як яно часта бывае, калi цяпнеш нiчога не еўшы. На дварэ было цёпла. Ласкавы ветрык казытаў iм твары.
На свежым паветры Саваж канчаткова сп'янеў i, спынiўшыся, прапанаваў:
- А што, каб туды з'ездзiць?
- Куды гэта?
- Ну ў рыбу, вядома.
- А куды?
- Ды на наш востраў. Французскiя аванпасты цяпер каля Калёмба. А палкоўнiк Дзюмулен - мой знаёмы, нас прапусцяць.
Марысо аж затрымцеў ад прыемнага прадчування.
- Дамовiлiся! Я згодзен.
I яны разышлiся па хатах, каб сабраць свой рыштунак.
Праз гадзiну сябры ўжо iшлi поплеч па гасцiнцы. Неўзабаве яны дабралiся да вiлы, якую займаў палкоўнiк. Яны расказалi яму сваю просьбу, i ён, усмiхнуўшыся, згадзiўся задаволiць iх дзiвотную выдумку. Атрымаўшы пропуск, сябры рушылi далей.
Хутка яны мiнулi аванпасты, прайшлi праз апусцелыя Каломбы i апынулiся на краi невялiкiх вiнаграднiкаў, якiя спускалiся да Сены. Было каля адзiнаццацi гадзiн.
