
На другiм беразе вёска Аржантэль, здавалася, вымерла. Над усiм наваколлем панавалi два ўзгоркi, Аржэмон i Сануа. Шырокая раўнiна, якая распасцiралася да самага Нантэра, была бязлюдная, зусiм бязлюдная, на яе шэрай зямлi вiднелiся адно голыя вiшнi.
Саваж паказаў пальцам на вяршынi ўзгоркаў i цiха шапнуў:
- Там прусакi!
I два сябры застылi, з трывогай пазiраючы на пустэльны абшар.
"Прусакi!" Яны iх нiколi не бачылi, але вось ужо некалькi месяцаў адчувалi, як гэты нябачны i ўсемагутны вораг душыць Парыж, руйнуе Францыю, рабуе, гвалтуе i морыць голадам яе жыхароў. I нейкi нечалавечы, незразумелы жах мяшаўся ў iх з нянавiсцю да гэтага невядомага i непераможнага народа.
Марысо прамармытаў:
- А што, калi мы раптам на iх натрапiм?
З чыста парыжскiм гумарам, якi не знiкае нi пры якiх абставiнах, Саваж адказаў:
- Пачастуем iх смажанай рыбкай!
Але маўклiвая цiшыня далягляду бянтэжыла iх, i яны па-ранейшаму не маглi адважыцца рушыць далей.
Нарэшце Саваж рашыўся:
- Ну што, пайшлi! Толькi трэба быць уважлiвым.
I прыгнуўшыся, а дзе паўзком, хаваючыся за хмызамi, яны пачалi спускацца па вiнаграднiку, увесь час трывожна пазiраючы вакол i напружыўшы слых. Каб выйсцi да берага, заставалася перасячы адно вузкую палоску голай зямлi. Сябры кiнулiся бегчы i, ледзь апынуўшыся каля ракi, схавалiся ў сухiм чароце.
Марысо прыцiснуў шчаку да зямлi i прыслухаўся, цi не ходзiць хто-небудзь паблiзу. Нiчога чуваць не было. Яны былi адны, зусiм адны.
Сябры супакоiлiся i ўзялiся вудзiць рыбу. Насупраць бязлюдны востраў Марант хаваў iх ад другога берага. Маленькi шынок, якi стаяў на iм, быў зачынены i здаваўся пакiнутым ужо многа гадоў.
Неўзабаве Саваж выцягнуў першага печкура. Марысо злавiў другога, i раз-пораз яны пачалi смыкаць вуды, на канцы лёскi ў якiх бiлася маленькая серабрыстая рыбка. Ловы iшлi надзiва добра.
