Яны дбайна складалi рыбу ў шчыльны сак, якi мокнуў у вадзе каля ног. I цёплае, радаснае пачуццё разлiвалася ў iх на душы, тое пачуццё, якое агортвае чалавека, што зноў знайшоў сваю ўлюбёную ўцеху, якой быў пазбаўлены доўгi час.

Ласкавае сонца сагравала iм спiны, яны ўжо нiчога не чулi, нi пра што не думалi, забылiся на ўсё на свеце - яны вудзiлi.

Але нечакана, нiбы з-пад зямлi, пачуўся глухi гуд, i глеба страсянулася ў iх пад нагамi. Зноў загулi гарматы.

Марысо падняў галаву i там, злева, убачыў высокi абрыс гары Мон-Валер'ен, над якой вiўся маленькi сiвы чубок. Гэта было воблачка парахавога дыму, якое яна толькi што выплюнула.

I адразу над крэпасцю на гары ўзвiўся новы слуп дыму, i праз некалькi iмгненняў грымнуў другi залп.

Гарматы загрукаталi адна за другой, i час ад часу гара пыхкала сваiм смяротным дыханнем i выкiдала малочную пару, якая паволi ўздымалася ў цiхае неба i завiсала там нерухомаю хмарай.

Саваж пацiснуў плячыма i сказаў:

- Ну вось, зноў пачынаюць.

Занепакоена пазiраючы на пёрка свайго паплаўка, якi раз-пораз ныраў пад ваду, Марысо раптам адчуў зразумелы мiрнаму чалавеку гнеў да гэтых бязглуздых ваяк, якiм прыйшло ў галаву бiцца.

- Якiмi ж трэба быць дурнямi, каб гэтак забiваць адзiн аднаго, - прабурчаў ён.

Саваж згадзiўся:

- Горш за звяроў.

Марысо выцягнуў верхаводку i заявiў:

- I падумаць толькi, што так яно будзе заўсёды, пакуль светам будуць кiраваць урады.

Саваж запярэчыў:

- Рэспублiка не аб'явiла б вайны...

Але Марысо перапынiў яго:

- За каралямi ваююць з iншымi, за рэспублiкай - памiж сабой.

I яны пачалi спакойна абмяркоўваць важныя палiтычныя праблемы, выказваючы на iх свае цвярозыя думкi, уласцiвыя лагодным i абмежаваным абывацелям, i ўрэшце сышлiся на тым, што свабоды людзям нiколi не ўбачыць.



4 из 7