Голас жанчыны гучаў глуха, з глыбокiмi перадышкамi, вочы то пачыналi iскрыцца вясёлай радасцю, то раптам патухалi i прыкрывалiся крышку вiльготнымi вейкамi. - Была ў нас там замужняя адна, таксама салiстка. Мая сяброўка. Дзяўчынка ў яе была. От як мая Людачка цяпер. Бывала, збяромся ў выхадны дзень да гэтае мае сяброўкi... Чалавек дзесяць нас прыйдзе. I кожная прынясе якую-небудзь цацку дзяўчынцы. Як наскладаем, дык - цэлая гара цацак. Дзяўчынка радуецца, iдзе да кожнай з нас на рукi, а мацi яшчэ больш радуецца. Потым муж яе бярэ акардэон... Рабочы ён, просты чалавек, але вельмi любiў музыку. Акампанiруе нам, а мы спяваем, развучваем што-небудзь новае. Дзяўчынка заўсёды слухае, здаецца, што нават i вочкамi не маргае...

- I Людачка, я думаю, любiць слухаць, як мама спявае, - цiха заўважыў Ярмолаў. - Дзецi наогул любяць песнi.

- Я цяпер не спяваю, - сумна сказала жанчына.

- А мы з Людачкай папросiм, каб вы заспявалi нам што-небудзь. Мы таксама вельмi любiм песнi. Праўда, Людачка?

Дзяўчынка зашамацела цацкай.

- У мяне ўжо, мабыць, i голасу няма, - сказала Зiна. - Мне толькi часта ў сне снiцца, што я спяваю...

Выспаўшыся, Валодзя зноў пайшоў гуляць у карты, а Ярмолаў доўга стаяў на калiдоры, слухаў хрыплае радыё, размовы i песнi тых пасажыраў, якiя не надта любiлi ехаць у цвярозым выглядзе, мiжвольна заглядваў у цёмнае акно i бачыў там свой лоб, вядома, больш бледны, як у люстэрку, i амаль зусiм гладкi. Праводзiў рукою па лбу i адчуваў на iм маршчыны, неглыбокiя яшчэ, але частыя. I ўвесь твар выглядаў у акне залiшне маладым. Значыць, не трэба верыць ценю. Пачынаў апаноўваць сум. На хвiлiну Ярмолаву здалося, што ён можа пазайздросцiць Валодзю. Той не сумуе ў дарозе, бадай-што i нiдзе ён не сумуе. I цяпер з купэ даносiлiся яго вясёлыя ўсклiкi, амаль бесперапынная гаворка i бязладныя посвiсты.

Ярмолаў узлез на верхнюю полку, лёг i заплюшчыў вочы. Ён спрабаваў заснуць, а сон чамусьцi не прыходзiў.



14 из 16