Зiна i сама ўвесь час маўчала, бадай-што мала i слухала, аб чым гаварыў муж. Яна старанна кармiла свежай смятанкай Людачку. Скажы Валодзю адно слова, ён табе дваццаць. Скажы яму ласкава, ён табе адкажа груба i жорстка. Гэта, вiдаць, добра разумела Зiна, таму i сама маўчала i прасiла, каб Ярмолаў нiчога насупроць не гаварыў. Калi не раззадорваць гэтага чалавека, не падлiваць масла ў агонь, то ён пагаворыць, потым пасвiшча крыху ды ляжа спаць. Зачапiся ж з iм, - усю ноч прагаворыць.

Дапiўшы гарэлку i назваўшы Ярмолава яшчэ разоў дзесяць то адмiралам, то генералам, Валодзя сапраўды неўзабаве палез у ботах на верхнюю полку, i як толькi паклаў на падушку галаву, дык адразу i захроп. Зiна пачала прыбiраць са стала, а Ярмолаў выйшаў, каб не перашкаджаць ёй. Калi ён вярнуўся, то заўважыў, што Валодзя ляжаў ужо разуты, вялiзныя ступнi з шырокiмi пяткамi звiсалi пальцамi ўнiз з полкi. Гэта, вядома. Зiна разула яго. Ярмолаў уявiў, як для гэтага яна, напэўна, падстаўляла да полкi лесвiчку, як спяшалася, каб зрабiць гэта да яго прыходу, i яму стала шкада жанчыну. Вiдаць, не першы раз яна разувала свайго мужа...

Людачка сядзела на полцы адна i гуляла з новай цацкай. У яе руках гэтая цацка грымела i крыху заглушала храпенне Валодзi. Зiна спачатку быццам не адважвалася глянуць на Ярмолава: яна больш, як трэба, корпалася ў клунках, затым узялася выцiраць мокрай паперай столiк, збiраць крошкi хлеба пад столiкам, у тым месцы, дзе сядзеў Валодзя. I толькi калi побач з ёй упала, нiбы разарвалася, бразготка, жанчына глянула з усмешкай спачатку на дзяўчынку, а потым на Ярмолава.

- Спадабалася ёй цацка, - замiлавана сказала яна. - Сваю старую ўжо некуды закiнула.

Мацi пагрымела цацкай, села ля дзяўчынкi i, калi тая зноў стала забаўляцца сама, начала гаварыць далей:

- Бывала, у нас, у хоры... Часта, вельмi часта я ўспамiнаю наш хор.



13 из 16