- Дык гэта, можа, i не сабака? - спытаў лейтэнант, сусед па купэ.

- Сабака, вядома, - адказала жанчына, - але ж гэта такi сабака, якiх мала. Мы за яго, калi ён яшчэ быў шчанём, пяцьсот рублёў заплацiлi.

- I ўсё ж такi я не хачу ехаць побач з iм, - сказаў лейтэнант i ўстаў.

- Дык ведаеце што? - звярнуўся да яго другi лейтэнант, - у маiм купэ ёсць вольнае месца. Пераходзьце да нас.

Спыталi аб гэтым у праваднiцы, i тая здалёк зноў моўчкi кiўнула галавой.

Перанёсшы рэчы, лейтэнанты пазнаёмiлiся.

- Валодзя, - сказаў той, што запрасiў да сябе суседа.

- Ярмолаў, - адказаў сусед.

Яны пацiснулi адзiн аднаму рукi, i тады Валодзя зазначыў:

- У вас прозвiшча ого!.. Не тое што маё - Мох. Здаецца, нейкi адмiрал быў некалi ў нас з такiм прозвiшчам.

- Не адмiрал, а генерал, - заўважыў лейтэнант.

- Ну, я ж кажу: нехта быў. А гэта - мая спадарожнiца жыцця, - паказаў Валодзя на жанчыну, - Зiна. А гэта - дачка.

Ярмолаў сеў на сваю полку, нахiлiўся да дзяўчынкi i працягнуў ёй руку:

- Давай пазнаёмiмся, прыгажуня!

Дзяўчынка засмяялася, шырока разявiўшы свой яшчэ зусiм бяззубы роцiк, i так зморшчыла трошкi сiняватае пераноссе, што здавалася, нiбы яна сама хацела пазабаўляць незнаёмага дзядзьку.

- Як жа цябе завуць, прыгажуня? Як?

Дзяўчынка ўзмахнула худзенькiмi ручкамi i нахiлiла галоўку да мамы.

- Скажы, Людачка, як цябе завуць, - папрасiла мама. - Не ўмееш? Не ўмеем, скажы, мы яшчэ гаварыць, зусiм не ўмеем. Яшчэ нам толькi дзевяць месяцаў.

- Ну, цяпер нам ужо вядома, як цябе завуць, - з усмешкай сказаў лейтэнант. - Пазнаёмiлiся. А вось гэта табе падабаецца? - Ён выняў са свайго пакунка цукерку. - Бачыш, Мiшка тут намаляваны. Мядзведзь!



2 из 16