Мацi ўзяла дзяўчынку на рукi, прытулiла да сябе i пяшчотна засмяялася. Лейтэнант заўважыў, што ў яе таксама крышачку зморшчылася пераноссе, але ўсмешка толькi адной рыскай нагадвала дзiцячую, а так яна была вельмi своеасаблiвай. Добры, адкрыты твар стаў спачатку вясёлым, ледзь не ўрачыстым, а потым адразу ж спахмурнеў, нiбы на яго найшоў цень. Жанчына, вiдаць, хацела ўзняць на суседа вочы, каб адказаць на яго добрыя словы, але чамусьцi не здолела зрабiць гэтага.

- У карты гуляеце? - спытаў Валодзя.

- Не, - адказаў Ярмолаў. - Некалi трохi гуляў у дурня, а цяпер i гэта забыў. Як толькi сяду з кiм гуляць, дык адразу i адчуваю сябе дурнем.

- Мы вас навучым, - пачаў угаворваць Валодзя. - Варта адзiн раз перакiнуцца, i ўсё.

- Не, не! - запярэчыў Ярмолаў. - Не паважаю я картаў.

- Шкада, - прытворна ўсмiхнуўся Валодзя. - Пайду шукаць партнёраў. У мяне калода карт з сабою.

Ён падышоў да суседняга купэ, яно было не закрыта. Жанчына ў каляровых абручыках кармiла з алюмiнiевай мiскi сабаку, а яе спадарожнiк, вiдаць, муж, вылiзваў нешта з шырокага шклянога слоiка.

- Прашу прабачэння, - звярнуўся да iх лейтэнант. - У карты вы гуляеце?

Жанчына падаравала юнаку доўгi, поўны давер'я погляд i адразу ж вельмi ахвотна загаварыла:

- А хто ж гэта не гуляе ў дарозе ў карты? Вядома, гуляем. У нас недзе i карты ёсць. Дзiма, у цябе гэтая новая калода?

- У мяне старая, - адказаў Дзiма, аблiзаўшы тоўстыя i шырокiя губы. - А новая недзе ў цябе.

- Дык згуляем? - задаволена спытаў лейтэнант.

- Вядома, вядома! - пацвердзiла жанчына, падсоўваючы блiжэй да сабакi мiску. - Вось толькi чацвертага партнёра ў нас няма.

- А гэты? - паказаў Валодзя на сабаку i гучна засмяяўся ад свае знаходкi.

Мацi тым часам забаўляла Людачку. Яна паказала ёй вялiкi лысы каштан. "Глядзi, Людачка, мячык". Дзяўчынка пацягнулася рукамi да каштана, а калi забрала цацку сабе, то адразу панесла ў рот.



3 из 16