- Няможна так, Людачка. - Мацi зноў узяла дзяўчынку на рукi i выйшла з ёю на калiдор.

- Валодзя! - паклiкала яна, пачуўшы голас мужа ў суседнiм купэ. - Iдзi патрымай хвiлiнку дзiця, а я тут выму з клункаў ды пасцялю пасцельку.

- Зараз! - адказаў Валодзя.

Зiна пастаяла некалькi хвiлiн ля акна i вярнулася ў купэ.

- Дайце я пазабаўляю, - прапанаваў Ярмолаў. - Iдзi, Людачка, да мяне.

- Ой, што вы? - здзiвiлася мацi. - Прыйдзе ён i пазабаўляе. Вельмi ж любiць у карты гуляць. Дома ледзь не кожны вечар. Як пойдзе да сваiх партнёраў, дык мы з Людачкай ужо выспiмся, а яго ўсё няма.

Валодзя не прыйшоў у сваё купэ. Зiна пачала варушыць клункi адна, i, каб не замiнаць ёй, Ярмолаў выйшаў у калiдор. За акном плыў у шызую далечыню асеннi лес. Сумесь жоўтага з зялёным нагадвала нешта блiзкае да цёмна-шэрага. Гэтая своеасаблiвая паласа крыху мiльгацела ў вачах, бо раз-пораз перабiвалася блакiтнымi, хоць i не зусiм яснымi прасветамi. З суседняга купэ даносiлася заўзятае шлёпанне картаў, рознагалосае прыгаворванне i зрэдку свiст. А памiж гэтымi прыгаворваннямi i свiстам Ярмолаў чуў абыякавыя, нiбы дрымотныя словы жанчыны:

- Яка-я-а там пагодка-а... будзе-э... цяпер у Крыму? Вясной у Цхалтубе-э... добрая была пагода. Пагрэлiся-а. Летам у Рызе-э... Нашто ты, Дзiма, сунеш караля? У Рызе таксама цёпла-а... было.

Лес за акном скончыўся, неўзабаве пачалi трапляцца будынкi, слупы высакавольтных перадач, чыгуначнае палатно спачатку раздваiлася, а потым з'явiлiся i трэцяя i чацвертая лiнii, - цягнiк стаў прыцiшваць свой ход. На прыпынку Валодзя таксама выйшаў у калiдор, заглянуў у сваё купэ. Людачка спала, сурова надзьмуўшы губкi, а мацi ляжала побач i таксама, вiдаць, драмала.

- Паснулi мае, - сказаў Валодзя, стаўшы побач з Ярмолавым. - Цэлую ноч збiралiся - бяда з iмi. Сядзелi б дома!

- А куды вы едзеце? - спытаў Ярмолаў.

- Дадому еду, да сваiх. У мяне адпачынак на трыццаць тры днi.



4 из 16