Нарэшце яна спавольна ўзняла вочы на Ярмолава i спытала:

- Вы ў Менску жывяце?

- У Менску, - адказаў Ярмолаў.

- А мы цяпер - далекавата ад Менска. Сумна iншы раз... Да таго хочацца дадому... Не чулi, хор Шыловiча дома цяпер цi на гастролях?

- У Менску Макар Iванавiч, - упэўнена адказаў Ярмолаў. - Што, падабаецца вам гэты хор?

Зiна цяжка ўздыхнула i зноў адвяла вочы ў акно.

- Я спявала ў гэтым хоры, - цiха сказала яна.

Ярмолаў здзiвiўся i сам не заўважыў, як яго залiшне здзiўлены позiрк пачаў лавiць Зiнiны вочы, каб нешта сказаць, нешта выявiць хоць позiркам, бо словы ў гэты момант не знаходзiлiся. Зiна заўважыла гэтае здзiўленне, i ёй стала крыху непрыемна. "Чаму ён так здзiвiўся? Няўжо я зусiм не падобная на спявачку або спяваць у хоры - вельмi ўжо складаная, мала каму даступная справа?" Потым убачыла, што гэта - добрае, таварыскае здзiўленне i пагляд у чалавека шчыры, даверлiвы. У вачах Ярмолава не мiльгала тая ледзь прыкметная, але вельмi калючая насмешка, якую Зiна часта бачыла ў Валодзi, калi гаворка заходзiла аб хоры, аб яе голасе. Вiдаць было па ўсiм, што з гэтым чалавекам вальней можна гаварыць пра музыку, пра мастацтва, не трэба баяцца, што ён цябе абсмяе або прынiзiць халодным абыякавым позiркам.

- Больш двух год я спявала ў гэтым хоры, - пачала расказваць Зiна. У яе вачах свяцiлася затоеная i вельмi насцярожаная просьба паслухаць i зразумець яе. - Спявала i вучылася ў вячэрняй дзесяцiгодцы. У многiх харавых нумарах я запявала. Калi Макар Iванавiч даведаўся, што я збiраюся пакiнуць хор, выклiкаў да сябе, угаворваў, прасiў пабыць яшчэ хоць некалькi месяцаў, пакуль ён падрыхтуе замену. Не паслухала я Макара Iванавiча, а цяпер мне сорамна нават сустрэцца з iм, глянуць у вочы...

- Чаму ж вы не паслухалi? - спытаў Ярмолаў. - Прабачце, калi не тое пытанне задаю i, можа, крыху нясцiпла ўмешваюся ў вашы справы.



7 из 16