- А што ж тут нясцiплага? - прыязна сказала жанчына. - Я часта i сама сабе задаю такое пытанне. Пакiнула хор таму, што... Як вам сказаць? Сустрэлiся мы з Валодзем, а ён жа не ў Менску служыў. I цяпер не ў Менску. Я не магла не паехаць з iм...

- Калi ў вас ёсць голас i вы любiце музыку... - пачаў Ярмолаў i спынiўся, бо ў гэты час заварушылася i замахала ручкамi Люда.

- Быў у мяне голас, - ледзь не шэптам працягвала Зiна. - Людзi гаварылi, ды i сама я адчувала, калi выходзiла на сцэну. Гэта няцяжка заўважыць па людскiх вачах. А цяпер, вядома, ужо няма таго, што было.

- Там жа ў вас, напэўна, ёсць харавыя гурткi, - заўважыў Ярмолаў, самадзейнасць. А то маглi б вы i адна выступаць у канцэртах.

- Выступiла адзiн раз, - супакоiўшы Люду, сказала Зiна. - Выступiла, дык Валодзя тры днi праходу не даваў. Не любiць ён у мяне музыкi i сам нiколi не спявае. - Зiна сарамлiва засмяялася. - Толькi свiшча часта, ды i то немаведама што. Калi я iншы раз заспяваю што-небудзь сама сабе дома, дык ён або начынае свiстаць, або ўключае радыё. Смешны ён у мяне...

Людачка зноў замахала ручкамi, i цяпер ужо мацеры не ўдалося прыспаць яе. Дзяўчынка ўстала i адразу засмяялася, зморшчыўшы крыху ўспацелы носiк.

- Вясё-о-лая, - пяшчотна заўважыў Ярмолаў.

Мацi ўзяла дзяўчынку да сябе.

- Амаль што нiколi не плача, - радасна сказала яна, - хiба толькi iншы раз ноччу, або калi вельмi ўжо есцi захоча.

I Людачка раптам заплакала.

Мацi спачатку засмяялася ад нечаканасцi, а потым на твары яе з'явiўся неспакой, сiнявата-шэрыя, стомленыя вочы трывожна ўставiлiся на дзяўчынку.

- Чаго ж ты, Людачка, чаго ты хочаш? Гэта яна галодная, - з папрокам самой сабе i нiбыта са скаргай на некага сказала жанчына. - Малачка хоча. Хочаш, Людачка, малака?

Адной рукой трымаючы дзяўчынку, мацi развязала клунак, дастала адтуль пляшку малака. Дзяўчынка працягнула рукi да пляшкi i перастала плакаць.



8 из 16