
Сазванiўся з Глебкам12 у выдавецтве. Ужо з тону яго гаворкi ў тэлефон пачуў, што ён нейкi нецярплiвы. I сапраўды. Са мною ён нiчога не гаварыў, апроч дзвёх якiх фразаў, якiя ён мог бы сказаць i не мне, i якiя я мог бы пачуць i не ад яго. Я адразу i пайшоў. I яму было ўсё роўна. Адным словам, яму нi да мяне i нi да кога, хто не п'е гарэлкi. Яго губiць не гарэлка, а тое, што ён менш за ўсё Пятро Глебка, а найбольш "Нонiк", цi, як яго звала цешча, "Нёнiк". Пястунчык. Пасля таго, калi Купала ўпаў з дзесятага паверху гасцiнiцы "Масква" i сканаў, Глебка сказаў быў мне: "Ён жыў як паэт, i памёр як паэт". У гэтай фразе ўвесь Глебка-Нонiк. Ён хоча жыць, як "паэт", гэта значыцца, як матыль у бляску дня. Гэта i вечны кавалерчык i п'янiца. "Суждены нам благие порывы, но свершить нам ничего не дано"13. Ён самы асвечаны i культурны з усiх сённяшнiх жывых беларускiх пiсьменнiкаў i самы большы абладальнiк яснай думкi. Вышэйшая асвета дала яму вялiкую карысць. Яго талент узбагачан думкаю, ясным розумам. Кафедра беларускага ўнiверсiтэта была б ашчаслiўлена такiм прафесарам. Але ж, бачыце, i "жыць як паэт". Нёнiк! Дык якое дзiва, што ён п'е цяпер дзень i ноч, калi яго i спасцiгла вялiкае няшчасце! Хоць у маёй галаве дзесьцi варушыцца думка, што ён цяпер, п'ючы дзе-небудзь замкнуўшыся абы з кiм, хто трапiцца, часамi ўспамiнае аб "паэтычнасцi" ўсяго гэтага. Калi з iм няньчацца, ён прымае гэта як абсалютную няўхiльнасць. Ён паабяцае прыйсцi заўтра, а прыйдзе праз два тыднi, а найчасцей зусiм не прыйдзе, калi абяцаў прыйсцi.
