Яго ёсць за што любiць. Я люблю яго. Я даражу яго дружбай. З iм цiкава гаварыць. У мiнулую восень, калi я пераехаў жыць у "Якар", i зiмою я так прагнуў, каб ён да мяне заходзiў! Мне была радасць, калi я бачыў, як з'яўлялася ў маiх дзвярах яго мiлая галава. Тым большая была мая радасць, што гэта было пасля цяжкай хваробы, калi не вельмi часта заходзiлi да мяне нават i тыя, што цеснай дружбай былi звязаны са мною праз многа год. Вядома, з хворым быць нецiкава, гарэлкаю ён не частуе. Дык каб Нонiк не акiдаў мяне, я прыдумаў кармiць яго ў кожную нядзелю абедам. Значыцца, ужо раз на тыдзень я мог гаварыць з iм. Абедаць прыходзiў ён ахвотна. Выходзiла, што хоць адзiн друг не адвярнуўся ад мяне, калi я станавiўся пасля хваробы на ногi! Тады я, узрадаваны, пачаў часта частаваць яго гарэлкай. Дык ён вельмi ахвотна заходзiў часта. Цяпер, калi я ўжо намнога выратаваўся ад рэштак хваробы i душа мая паздаравела, i мне не страшна, калi i два месяцы нiхто да мяне не зойдзе, я занядбаў гэтую агiдную куплю дружбы за гарэлку. Пайковая гарэлка iдзе на рынак, Рэня выменьвае за яе прадукты. Я больш ем агародных вiтамiнаў, але звыш чатырох месяцаў не бачыў Глебкi. Ён жыў цэлы год са мною ў адной гасцiнiцы "Якар", я на трэцiм паверху, а ён на чацвёртым. Таму назад з месяц я напiсаў яму пiсьмо. Яно вярнулася назад, бо ён паехаў у Менск. 10-га жнiвеня я зноў зайшоў да яго ў выдавецтва. У гэты дзень ён пагаварыў са мною, але ён злосны, раздражнены. Цяпер ужо ён мае патрэбу ў сяброўскай ласцы. Мне ўжо ён не патрэбен, калi ён забыўся, што дружба сапраўдная трымаецца не гарэлкаю. Бог з iм. Але мне хочацца паспрабаваць, цi не будзе яму якой-небудзь палёгкi ад шчырасцi ў сяброўстве. Ён мучыцца. Яго Нiна паехала з немцамi i жыве ў Кенiгсбергу. Глебкава пакута тут своеасаблiвая. У гэтай пакуце многа холаду i чорствасцi. Гэта ўласцiва яго натуры. А блiзкага чалавека ён не страцiў. Сяброўскай блiзасцi ў яго з жонкаю нiколi i не было. Ён чорствы i сухi, а яна закаранелая мяшчанка, дурная, зайздросная i хцiвая. 13 жнiвеня 1944 г.

20 жнiвеня



5 из 21