
Нешта такi ў лесе здохла: час ад часу пачаў заходзiць Глебка. Яму трэба парваць усе сувязi з бялькевiчаўскiм мяшчанствам у Менску i вытруцiць з душы (не з душы, а з думак) памяць аб Нiне17. Звязаўшыся ў маладосцi з ёю, ён, гэты тады просты i шчыры сялянскi хлопец, ачарсцвеў i пачаў мяшчанiцца. Чутно ад людзей, што яна цяпер нават яшчэ выступае па радыё з Кенiгсбергу.
Ужо дзён чатыры, як хварэю на грып. Хвароба пагоршвае настрой. Смутак. Мiхала i Юрася18, мусiць, няма жывых. Пiсьмо з Цiмкавiч. Маша i Анюта жывы. Дом згарэў. Каб быць у Менску ў сваiм цiхiм кутку i пiсаць!
21 жнiвеня 1944 г.
Грып. Слабасць. Хiлiць у пасцель. А ляжаць не магу. Думкi мучаць. I Рэня адчувае сябе дрэнна. I ёй вельмi нездаровiцца. Небарака, яна ператамiлася, гэтулькi ёй клопату i працы!
Толькi што зайходзiў на паўгадзiны У.Фiнкель19. Ён бядуе. У Беларускай акадэмii няма больш жыдоўскага аддзелу. У Менску няма i, мусiць, не скора будзе жыдоўская газета. У Беларусi вельмi мала асталося жыдоў. Уры Фiнкель верны сын свайго народа. Патрыятычны сум яго - гэта шчырая пакута яго душы аб трагедыi свайго народа. Уры Фiнкель належыць свайму народу i разам з iм варт вялiкай пашаны. Гэта чалавек жыдоўскай культуры. Няхай да яго вернецца яснае шчасце душы.
Сённяшнi момант беларускай гiсторыi важан не толькi выгнаннем з Беларусi немцаў. Беларусь - усходняя славяншчына. Немец тут нiколi не будзе панаваць. Вельмi важным момантам сёння ёсць нам тое, што адбываецца ў Польшчы. Здаецца, што кладзецца канец польскаму зямельнаму магнацтву. Польшча без зямельных магнатаў гэта ўжо малое зло. Наўрад цi ў блiжэйшыя дзесяцiгоддзi Польшча будзе сунуцца зноў рабiць у Беларусi сваю гранiцу, хоць спробы даводзiць, што Польшча "мае права" апалячваць Беларусь, могуць быць. Як бы там нi было, а раман аб Рыгору Сухменьчыку калi-небудзь павiнен быць напiсан. Пiсаць буду, ужо здаўшы ў друк "Вялiкi дзень", "Пошукi будучынi", "Скiп'ёўскi лес", "Смага", кнiгу аповесцей "Сумлiцкая хронiка", "Млечны шлях", "Лявончыкава Лiда i Якубаўскi карчмар Сымон Бiруля". Раман "Сыны Хведара Нявады" i драма.
