
- А ты да каго ж?
Валасы яе, рыжыя, сабраныя недзе ззаду, на патылiцы, у тугi вузел, адсвечвалi мяккаю жаўцiзною золата - i хлопчык, жаласна шкадуючы, падумаў, што яна прыгажэйшая за маму, зморшчаную, худую ў твары, з тонкiм ротам, некалi таксама прыгожую, маладую на фатаграфii з тым салдатам, валасы ў якога гладка зачэсаны i блiшчаць, нiбы змочаныя вадою.
Шырокая глухая спiна павярнулася, i хлопчык убачыў твар, толькi не гэтакi смутна-мяккi, як на фатаграфii, а сiнявата-няголены, вялiкi i жывы, з ямачкай над пераноссем, нiбы хто там выцiснуў чым вострым. I ён успомнiў, што казала мама: "Ён харошы, твой бацька..."
- А чый жа ты будзеш? - спытаў ён, бацька, цяпер у невайсковым: у шэрай рубашцы, з вялiкай ад мазуту плямай на грудзях, што, пэўна, не адмывалася.
- Аксенiн... - Хлопчык сцягнуў з галасы шапку, мусiць, успомнiўшы тое, што дома казала мама, стоячы ля прыпека, у чырвоным споласе агню, калi ўчора вечарам грэла яму ваду.
На стале клейка блiшчала цырата. Ходас выцер аб край цыраты рукi i паклаў iх на каленi.
- То ўзяў бы ручнiк, - сказала гаспадыня i неяк бокам падступiлася да вёдраў, падняла руку, белую спаднiзу, - на цвiку на сцяне вiсеў чысты выгладжаны ручнiк, але не знала: муж недзе далёка глядзеў сабе пад ногi i нiчога не бачыў.
- Якое гэта Аксенi?
- Ну, Петручковае... - Хлопчык павёў вачыма сабе за плячо, мусiць, недзе там шукаючы ратунку.
Ходасава рука шорстка папаўзла па назе ўверх, у кiшэню. Ходас закурыў, жмурачыся, зацягнуўся.
- Гэта з Моладава, цi што?
- Ыгы.
Цяжка ўпаў i востра зазвiнеў на падлозе пад сталом жалезны вiдэлец скiнула дзяўчынка.
- Гэта ж во адтуль, дзе ты служыў у войску, - невядома чаму зарадавалася жонка, прымошчваючыся на лаве, каля стала, i беручы пад пахi дзяўчынку да сябе на каленi.
