Ходас устаў, хiстаючыся, дастаючы галавою да столi.

- А да каго ж ты прыехаў?

- Да вас. - Адтапыраныя вушы ў хлопчыка чырванелi i тонка свiцiлiся. Мама казала, што вы мой бацька.

Разам з дымам Ходас суха сплюнуў з языка крошку горкага тытуню i пайшоў да дзвярэй, наступаючы на адну ўсё дошку: яна гнулася i рыпела пад лiштвою, каля перагародкi. Жонка глядзела недзе мiма, на чыстыя белыя дзверы, пафарбаваныя iм учора, i, пэўна, бачыла тую цiхую чарнату, што была там, за белымi дзвярыма ў пустых сенцах. У яе з каленяў нячутна спаўзала дзiця, i яна раптам падхапiла яго.

- А як жа цябе завуць? То садзiся вячэраць...

- Ванька.

Яна няўпэўна, як пасля вiна, паднялася i, сiнеючы ў губах, пайшла з дзiцем на руках да белае печы. Недзе ў пячорцы холадна i востра зазвiнелi нажы i вiдэльцы.

- То на выпадак чаго можа бутэльку... - сказаў ён, квола i нямоцна ўсмiхаючыся.

Яна маўчала, цяжка абярнуўшыся да яго плячамi.

Iрванаю дзяружкаю на сцежцы калыхаўся цень: ад маладое грушы за плотам. Цесна павязаны пучкамi, на вострым частаколе ветраў насенны кмен. У глыбiнi нечага падворку стракаталi i мiльгалi белым воллем у нерухомым вiшняку быстрыя сарокi.

Хлопчык iшоў наперадзе, мiльгаючы парэпанымi, як у лусцэ, нагамi.

"Якi ён вялiкi, - нешта цёплае, абамлелае падкацiлася Ходасу пад грудзi. - I калi гэта я хадзiў да Аксенi? Дванаццаць год... А як учора..." - i раптам у яго перад вачыма гэтая вулiца, зелянiна гародчыкаў змяшалася з тым далёкiм i гэтак нечакана выразным, нiбы ўсё было ўчора.

Была вось гэтакая пара, блiзкая да восенi, калi ў садах пачынаюць цяжэць яблыкi, а скрозь па вёсках пяюць нядужыя, маладыя пеўнiкi, яшчэ не ўзлятаючы на плот. Быў гарадок з белымi атынкаванымi хаткамi ў цёплым сасняку. На стрэхах, на зялёнай гонце прэла нацярушаная iглiца. На вулiцы пад нагамi мякка качалiся леташнiя растаптаныя шышкi. Над галавою ў хвойках трашчалi сухiм галлём сытыя гракi, укладваючыся нанач, i трывожна-рэдка крычалi ў густой цемнаце. Гэта пазней. А перад тым як пачынала шарэць, з раптоўным шумам абсядалi старую таполю, што стаяла недалёка ад iхняй часцi, каля вакзала. У часцi салодка пахла дымам ад блiзкiх чорных паравозаў i было чуваць, як цяжка лязгалi мяккiм жалезам буферы, калi паравозы падавалiся назад, каб зрушыць з месца.



3 из 9