
Чорныя паравозы беглi за Моладава, туды, куды ён, Ходас, кожнае нядзелi хадзiў на вечарынку. У Моладаве жыла i соладка мучыла яго раздабрэлаю дзявочай чысцiнёй Аксеня.
Ад Iвана Ходаса холадна пахла трайным адэкалонам i на нагах блiшчалi сабраныя ў гармонiк хромавыя боты, калi ён падыходзiў да сяла. Ля рэдкага цвiлога частаколу, туга нацягнуўшы на каленях спаднiцы i пахаваўшы пад лаўку босыя ногi - мусiць, ад камароў, - сядзелi моладаўскiя дзяўчаты. Хлопцы недзе пiлi i паiлi музыканта. Дзяўчат весялiў прасцякаваты, няхiтры, прыгожы ў твары конюх Мiкiта.
Iван Ходас стаяў зводдаль, бачыў, як шчаслiва саромелася i мякка хавала ад яго свае вочы Аксеня. Горача чырванела i на вечарынцы, калi iшла з iм у танец. Цiха-радасна нагiнала галаву; валасы яе пахлi далёкаю ласкава-зялёнаю мятаю. I толькi праваю рукою праз нячутную блузку ў белыя ёлачкi, ад якiх балюча кружылася ў вачах, Iван Ходас адчуваў яе ўсю, сарамлiва i стомлена паслухмяную.
Да Аксенi хадзiў Мiкiта, i ёй было сорамна перад людзьмi, перад сабою, перад Мiкiтам: казала, быў у сватах, з паўтараком, з боханам хлеба ў ручнiку, i яна сядзела за сталом, пiла i ўсё яшчэ не заплацiла за гарэлку. А Мiкiта на нешта спадзяваўся: ленавата i моцна абдымаў дзяўчат, а Аксенi паблажлiва i стрымана старанiўся. I няхiтра-затоена хаваў злосць на яго, на Iвана Ходаса. Але нядоўга. Раз, набраўшыся, як смалы, асалавелы, брыдка выпусцiўшы з портак рубашку, увалiўся на вечарынку, убiўся ў вёдры i нарабiў раптоўнага адчайнага звону. А потым, блытаючыся ў вясёлых дзявочых падолах, пралез сюды, дзе на лаве, спiною да акна, сядзеў ён, Iван Ходас. Замахнуўся пустым кулаком. Але Ходас злавiў гэты кулак i пхнуў недзе ад сябе. Мiкiта, заплюшчыўшы вочы, паехаў спiною на гарманiста. Хтосьцi падхапiў яго пад пахi. Мiкiта стаяў, апусцiўшы рукi, нiбы мокры, нiбы вылез з вады, i раптам працверазiўся. Гармонiк, густа выпусцiўшы апошнi дух, нечакана сцiх. Бабы процьмаю збiлiся ля парога, зашапталiся i палахлiва замiльгалi ў чорную прорву сяней. Але бойкi не было.
