Здавалася, што забiваў усiх адзiн чалавек, няўлоўны, як вецер.

У наваколлi панаваў тэрор. Па адным толькi даносе расстрэльвалi сялян, арыштоўвалi жанчын, палохалi дзяцей, дамагаючыся ад iх прызнання. Але ўсё было дарэмна.

Ды вось неяк ранiцай дзядзьку Мiлона знайшлi ў стайнi з шабельнай ранай праз увесь твар, а за тры кiламетры ад фермы - двух уланаў з рассечанымi жыватамi. Адзiн з iх яшчэ сцiскаў у руцэ скрываўленую шаблю: ён загiнуў абараняючыся.

На надворак каля фермы, дзе сабраўся толькi што створаны ваенны суд, прывялi старога.

Яму было шэсцьдзесят восем гадоў. Быў ён невысокi, хударлявы, трошкi прыгорблены, вялiкiя рукi яго нагадвалi клюшнi краба. Праз бясколерныя рэдкiя валасы, лёгкiя, як пух у качаняцi, праглядваў голы чэрап.

На маршчынiстай абветранай шыi пружылiся тоўстыя вены, яны знiкалi пад скiвiцамi i зноў праступалi каля скроняў.

На сяле яго лiчылi чалавекам сквапным i незгаворлiвым.

Яго паставiлi памiж чатырох салдатаў перад кухонным сталом, вынесеным на двор. За сталом уселiся пяцёра афiцэраў i палкоўнiк.

Палкоўнiк пачаў допыт па-французску.

- Дзядзька Мiлон, з той пары, як мы тут, мы не маглi нахвалiцца вамi. Заўсёды вы былi спагадлiвы i нават уважлiвы. Але ж сёння на вас падае падазрэнне ў жахлiвым злачынстве, i мы павiнны ўсё высветлiць. Адкуль у вас на твары рана?

Селянiн нiчога не адказаў. Палкоўнiк загаварыў зноў:

- Маўчанне загубiць вас, дзядзька. Але я хачу, каб вы адказвалi, чуеце! Цi ведаеце вы, хто забiў двух уланаў, якiх знайшлi сёння ранiцай каля Кальвэра?

Стары выразна вымавiў:

- То я.

Ад здзiўлення палкоўнiк змоўк, пiльна ўглядаючыся ў арыштаванага. Дзядзька Мiлон заставаўся безуважлiвы, з сялянскай упартасцю апусцiўшы вочы долу, як на споведзi. Адно выдавала яго хваляванне: раз-пораз ён глытаў слiну, з вiдавочнай цяжкасцю, быццам горла яго было зусiм вузкае.



2 из 6