
Сям'я старога - сын Жан, нявестка i двое дзяцей, разгубленыя i ўражаныя стаялi крокаў за дзесяць ззаду. Палкоўнiк спытаўся:
- Дык, можа, вы ведаеце таксама, хто ўжо цэлы месяц забiвае нашых разведчыкаў?
Стары адказаў з тою ж самай грубай безуважлiвасцю:
- Ну, я.
- Дык гэта пабiлi iх вы? Усiх?
- Усiх.
- Вы адзiн?
- Адзiн.
- Раскажыце, як вы гэта рабiлi.
Цяпер стары, вiдаць, захваляваўся; ён, мусiць, не хацеў доўгае размовы, адно прамармытаў:
- А я што ведаю? Як выходзiла, так i рабiў.
Палкоўнiк зноў:
- Папярэджваю вас, трэба, каб вы расказалi мне ўсё. Будзе лепей, калi вы зробiце гэта зараз жа, адразу. Як вы пачалi?
Стары заклапочана азiрнуўся на сям'ю, што насцярожана чакала яго адказу. Хвiлiну-другую яшчэ памарудзiў i раптам адважыўся:
- На другi дзень, як вы прыйшлi сюды, гадзiн каля дзесяцi вечара я вяртаўся дадому. Вы i вашы салдаты забралi ў мяне кароўку, дзве авечкi i сена не менш як на пяцьдзесят экю. Я i сказаў сабе: "Колькi б вы ў мяне нi ўзялi, я за ўсё паквiтаюся!" Ды яшчэ ў мяне была думка на сэрцы, пасля раскажу. Вось аднаго разу я заўважыў салдата вашага, ён люльку курыў каля рова, што за маiм гумном. Узяў я касу i цiхенька падышоў да яго ззаду, ён i не заўважыў нiчога. Я ссек яму галаву адным махам, лёгка, як каласок, ён i войкнуць не паспеў. Як ахвоту маеце, то пашукайце яго ў балоце: я запхнуў яго ў мех з-пад вугалю, яшчэ i камень туды паклаў.
Тут я канчаткова рашыўся. Я зняў з яго ўсю вопратку, i боты, i фуражку ды схаваў у печ, дзе вапну палiлi, у Марцiнавым лесе.
Стары змоўк. Уражаныя афiцэры пазiралi адзiн на аднаго. Допыт не спыняўся, i вось пра што яны даведалiся.
Пасля першага забойства старога апанавала iдэя: "Забiваць прусакоў!" Ён ненавiдзеў iх нянавiсцю прыхаванай i лютай, па-сялянску прагны i патрыятычны адначасова. Ён меў сваю iдэю, як ён казаў.
