
Ён перачакаў дзён некалькi. Прусакi дазвалялi яму хадзiць, дзе ён хацеў: такiм рахманым, пакорлiвым i паслужлiвым здаваўся ён iм. Штовечар ён бачыў, як ад'язджаюць пасыльныя, i вось неяк уночы ён выйшаў з сяла; ён ужо ведаў, у якую вёску паедуць коннiкi, а таксама запомнiў ад салдатаў некалькi нямецкiх слоў, якiя яму былi патрэбны.
Ён выйшаў з двара, пракраўся ў лес, знайшоў печ, пралез у доўгае сутарэнне i пераадзеўся ў вопратку забiтага.
Ён пачаў бадзяцца па палях, поўзаў, хаваўся за адхонамi, насцярожаны, як злодзей.
Палiчыўшы, што прыспела пара, ён падышоў да дарогi i схаваўся ў густым хмызняку. Счакаў яшчэ трохi. Нарэшце, недзе апоўначы, ён учуў гулкi тупат каня на добра ўбiтай дарозе. Стары прыпаў вухам да зямлi i ўпэўнiўся, што коннiк адзiн.
Улан, што вёз дэпешы, ехаў хуткiм бегам. Ехаў ён углядаючыся, прыслухоўваючыся. Калi да яго заставалася не больш як дзесяць крокаў, дзядзька Мiлон выпаўз на дарогу i застагнаў: "Hilfe! Hilfe! - Памажы! Памажы!" Улан прыняў старога за немца, спынiўся, злез з каня i, нi пра што не здагадваючыся, падышоў да яго; адно ён нахiлiўся, як крывое лязо нямецкае шаблi ўпiлося яму ў жывот. Улан упаў адразу, моўчкi, толькi цела яго некалькi разоў скаланулася ў сутаргах.
Стары нармандзец, узрадаваны маўклiвай сялянскай радасцю, падняўся i, каб было напэўна, перарэзаў забiтаму горла. Пасля сцягнуў яго з дарогi i скiнуў у канаву.
Конь спакойна чакаў гаспадара. Дзядзька Мiлон узлез у сядло i галопам паляцеў па раўнiне.
Прайшло ўжо каля гадзiны, калi ён заўважыў двух уланаў, што вярталiся ў вёску. Ён пад'ехаў да iх з правага боку: "Hilfe!" Пазнаўшы форму, прусакi падпусцiлi яго без нiякага падазрэння. I стары праляцеў памiж iмi, як бура, застрэлiў аднаго i ссек шабляю другога. Пасля перарэзаў горла коням, коням немцаў! Асцярожна прабраўся да старое печы, схаваў каня ў глыбiнi сутарэння. Тут жа пакiнуў нямецкую форму i пераадзеўся ў свае лахманы. Вярнуўшыся дадому, стары праспаў да ранiцы...
