Ф.Кушал:, д-р Б.Рагуля, А.Субота, Б.Данiловiч, В.Стома, Н.Сiльвановiч, д-р Я.Сажыч, iнж. Ч.Ханяўка, мгр. П.Манькоўскi, А.Монiд, А.Маркевiч, д-р Л.Трусэвiч, В.Касьцюкевiч, М.Нiкан, д-р В.Васiлеўскi, д-р Ул.Бакуновiч, Ч.Будзька, мгр. В.Навiцкi, С.Гутырчык, Л.Стагановiч, П.Кажура i Ўл.Курыла. Вельмi дзякую Брату ў Хрысьце а.Яну Пятроўскаму, каторы сходнай цаной за друк, зычлiвымi парадамi дый борздым i добрым выкананьнем друкарскае працы цi не найбольш спрычынiўся да хуткага выхаду першае кнiгi "Гараваткi" ў сьвет.

К.Акула

Сьвятой памяцi бацькоў

О, БЕЛАРУСЬ!

Тваё мiнулае ў мармурах не застыла

I медзьдзю-бронзай не зьвiнiць.

Яно ня знае готыкi, антычных стыляў,

Ня знае колераў сузорчатых зарнiц.

Яно пахавана ў глыбокiя курганы,

Крывёй-бальзамам гоiць сны.

Твой гэнiй, у мiнулым паруганы,

Да славы ўзьнiмуць вольныя сыны.

Ты сiлы трацiла свае дазваньня;

Цябе абплакаў на кургане клён.

Штогод тваё спраўлялi ўкрыжаваньне,

Штогод гiсторыi праклён.

Таму й мiнулае ў мармурах не застыла

I медзьдзю-бронзай не зьвiнiць.

Яно ня знае готыкi, антычных стыляў,

Ня знае колераў сузорчатых зарнiц.

Язэп Пушча

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

I

Янук раз-пораз спыняўся й ляскаў пугай. Сярэдняга росту калматы руды сабака Тапсiк, сьцямiўшы, што павесялеў пастух, з уцехай падскокваў уверх на ляскат пугi й зьвяглiва, быццам сьмяючыся, брахаў. А хлопчык, - як i належыцца такому ўсяўладнаму сабачаму гаспадару, - то пагражаў сабаку пальцам, то, прыкiдываючыся, касавурыўся на яго, быццам за тое, што той замнога дазваляў сабе панiбрацтва. Яшчэ ямчэй размахваўся прадаўгаватым i гнуткiм вiшнёвым пугаўём, манiпуляваў iм так, каб вуж пугi, асаблiва той цяненькi, зьвiты з адборнае пянькi кончык яе, з тонкiм посьвiстам гвалтоўна рэзаў паветра. Ляскат войстрым рэхам трывожыў суседнi бор, а пастушок пiльна надслухоўваў ягонае водгульле.



4 из 205