Калi-б хлопчык ведаў модныя словы, то мог-бы сказаць, што той цянюсенькi кончык пугi, па-майстэрску зьвiты бацькам з пазычанай цi купленай у кагось пянькi, меў дэмаралiзуючыя для статку ўласьцiвасьцi. Вядома-ж, выяўлялiся яны адно пры ўмелым карыстаньнi пугай Януком. Бо што, - мяркаваў Янук, - варта была пуга безь ягонае спрытнае рукi? Нейкi, званы пугаўём, вiшнёвы прут з даўгой вяроўкай ды й годзе. Трэба было ўзяць яго спрактыкаванай руцэ, ёмка закiнуць i пасьля гвалтоўна тузануць - адно тады нараджаўся любы ягонаму вуху рэзкi сьвiст-ляскат. Пуга трымала кароваў у послуху. Праўда, быў i верны сябра-памочнiк Тапсiк, цану якому добра ведаў Янук. Ды ўсяроўна, пуга сама сабой. Лясьнi ёй раз-другi, i глядзi, як стрыжэ вушамi статак, ведаючы, што малы гаспадар на воку яго трымае. Таму сьвiст-ляскат i быў для Янука прыемнай i карыснай мэлёдыяй.

Было ўсяго ў статку, старых i маладых, хвастоў зь пятнаццаць. Панаядаўшыся, быццам нехаця, ацярэблiвалiся яны ў ценях вялiкiх вольхаў над канавай. Сонца падкрадалася ўжо за чуб суседняга бору. I не агледзiсься, як вечар на носе.

Янук сачыў, цi пакажацца ў падворку ля хаты шыракаплечая постаць гаспадара ягонага - асаднiка Лазоўскага, цi ня рыпне каля калодзезя журавель. Чуткае вуха ягонае скваплiва лавiла гукi перадвячорнага руху ў падворку, каб угадаць, калi можна рухацца iз статкам пад дом.

Лёганькi ветрык прынёс з-пад балота абрыўкi вясёлае полькi й галасы прыпеўкаў. Янук ведаў, што так рыпела трохрадка ў руках вясковага музыкi Тадэўкi, што сам безьперапынна сыпаў прыпеўкамi й падахвочваў iншых, адно ходырам хадзiла поле. Там дзесь грамадою польнымi межамi з Тадэўкавага хутару йшлi ў вёску ладзiць iгрышча. Як магнiт, ствараючы навокал весялосьць i падганяючы адсталых, прыцягвала трохрадка да сябе моладзь. Вялiкай грамадой увалiцца яна ў раней дамоўленую хату ды кiнецца ў скокi. Тымчасам iшлi, гарлапанiлi, склiкалi iншых, задыхаўся-рыпеў гармонiк. Перакiнуўшы цераз плячо цымбалы, клыпаў ля Тадэўкi невялiкага росту цымбалiсты Язэпаў Пецька.



5 из 205