
Даўшы "дзень добры", хлапец лыпаў вачыма, нясьмела паглядаючы на гладкага, як кормны парсюк, рудаватага пана, што выгадна сядзеў за сталом i з даўгое пiпкi цадзiў радзенькi водарны дымок з-пад роўна падстрыжаных вусiкаў.
- Цi не язык мне тады авечкi адкусiлi?! - сьмяяўся пасьля пастух, прыгадваючы той момант, - нi знаў што сказаць, як заняло...
Пан Марыноўскi ўважна агледзеў апранутага ў саматканае, з палатанымi старымi ботамi, падлетка й сказаў - нi то строга, нi то лагодна:
- Ну, што скажаш?
Янук iз натугай паклiкаў на помач непаслухмяны язык:
- Пане дырэктар, я хачу ў пятую клясу...
I тут зацяўся.
- Што, што? Ня чую.
Янук загаманiў галасьней i аддаў Марыноўскаму настаўнiчын лiст. Калi дырэктар чытаў, хлапец пасьмялеў. Павярнуў галаву направа, пасьля налева й абглядаў канцылярыю. Па куткох стаялi шафы, школьныя дапаможнiкi, на сьценах вiселi нейкiя табэлi, а на франтавой сьцяне над вакном - крыж iзь фiгурай Збавiцеля; пад нiзом - белы арол, а пад iм - сам маршалак Рыдз. Паколькi ўсё гэта для Янука было няновае, ён iзноў утаропiўся ў твар iз рудымi вусiкамi.
- Гм, - сказаў гладкi дырэктар, устаўшы з-за столу й пазiраючы ў вакно з такой мiнай i помпай, быццам разважаў над плянамi бою зь небясьпечным супрацiўнiкам, што вось-вось мае адбыцца. - Добра, вельмi добра.
