
Янука цягнула да навукi, як п'янiцу да гарэлкi, хоць, каб хто спытаў, навошта яму школа, дык мо й не адказаў-бы. Проста няўрымсьлiвая прагнасьць ведаў не давала супакою. А як ты ў лапцёх у местачковую школу пакажасься? Засьмяюць, праходу не дадуць. Як сьвет сьветам, ня чуў нiхто, каб хто ў гацкую школу ў лапцёх хадзiў.
Лазоўскi сулiў на гэты год восем пудоў жыта й новыя боты. Тут-то й была найлепшая разьвязка. Была яшчэ адна нявыгада: як быць з тымi пачаткамi й канчаткамi? Гэта-ж вясною ды ўвосень, каб пасьвiць статак, трэба школьны год абразаць. Можа, як-небудзь дасца надрабiць, - мяркаваў Янук. Зь ягонымi добрымi ацэнкамi гэта-ж быць ня можа, каб яму не паспагадалi.
Выбраўся аднойчы хлапец у гацкую школу, каб самаму разпытаць-разьведаць. Напрыканцы школьнага году тое было. Ад вясковае настаўнiцы нёс лiст да дырэктара. Добра прыгадвае цяпер Янук, зь якiм вялiкiм хваляваньнем пастукаў у дзьверы дырэктаравага бюра мураванае двухпавярховае школы, якiмi млявымi й непаслухмянымi былi ягоныя ногi, як разгубiўся, убачыўшы за сталом буйную чупрыну й рудыя вусiкi, што належалi дырэктару Марыноўскаму.
