- А як жа ангельскi бюджэт!.. Пазiтыўны баланс... - грымеў Антуан. - Ёсць нават лiшкi... I ад гэтага ангельцам, наколькi я ведаю, горш не жывецца.

- Галубчык мой, - тлумачыў Ламбер-Леклерк, - я нiяк не разумею празмернай запальчывасцi, з якой французы параўноўваюць дзве краiны з неаднолькавай гiсторыяй, рознымi звычаямi i рознымi патрэбамi... Калi б Францыя пажадала мець збалансаваны бюджэт, мы б яго далi заўтра... Але яна яго не хоча... Альбо, калi вас больш задавальняе такая формула, яна яго не асаблiва хоча, беручы пад увагу спосабы дасягнення гэтай мэты... Падрыхтоўка бюджэту пытанне не фiнансавае, а палiтычнае... Скажыце мне, з якой большасцю вы мяркуеце кiраваць, i я вам скажу, якi бюджэт вы можаце скласцi... Апарат мiнiстэрства фiнансаў з гатоўнасцю падрыхтуе вам бюджэт сацыялiстычны, бюджэт радыкальны, бюджэт рэакцыйны... Патрэбен толькi загад!.. Усё гэта прасцей простага, i сумнявацца можа толькi прафан.

- Вось яно як!.. Прасцей простага! I вы б асмелiлiся сказаць такое вашым выбаршчыкам!

Франсуаза адразу здагадалася па ледзь улоўных адзнаках, па раптоўнай жорсткасцi позiрку мужа, што ў iм закiпае гнеў. Яна ўмяшалася:

- Антуан, ты павiнен пайсцi з Сабiнай да манастыра, паказаць ёй вiды...

- А мы ўсе чацвёра пойдзем.

- Не, не, - запярэчыла Сабiна. - Франсуаза прапануе разумна... Трэба аддзялiць мужоў ад жонак... Весялей будзе.

Яна паднялася. Антуан быў вымушаны суправаджаць яе, люта глянуўшы на Франсуазу. Тая i вокам не павяла, быццам не заўважыла.

"Здарылася тое, чаго я найбольш баяўся, - думаў ён. - Вытурылi мяне на добрыя паўгадзiны аднаго з гэтай жанчынай... Яна, напэўна, скарыстае момант i будзе патрабаваць ад мяне тлумачэння, якога чакае ўжо дзесяць год... Забаўна!.. Улiп, называецца... I няўжо Франсуазе хочацца, каб гэты мiнiстр, надзьмуты, як iндык, пусцiўся да яе ў залёты?"



4 из 11