- Як цудоўна пахне! Што гэта? - запытала Сабiна Ламбер-Леклерк.

- Гэта цытрусавыя. Альтанка, дзе мы былi, абсаджана апельсiнамi, лiмонамi, глiцынiямi i ружамi... Але нашы ружы здзiчэлi, прыйдзецца зноў iх прышчапляць... Калi ласка, унiз па гэтай дарожцы...

- А вы самi не здзiчэлi тут, Антуан, адзiнокi, забыты?

- Я?.. Я заўсёды быў дзiкуном... Вы што-небудзь бачыце ў цемры? З абодвух бакоў гэтага абкладзенага кафлямi басейна - зараснiкi цынерарый... Прынцып планiроўкi саду - супрацьпаставiць колерам цёмным - фiялетаваму, сiняму ярка-жоўтыя сонечныя плямы... Ва ўсякiм разе такой была задума Франсуазы... Тут на схiле ёй захацелася стварыць некранутыя нетры - жаўтазель, масцiкавае дрэва, папараць, царская карона...

- Мне прыемна пабыць з вамi адной, Антуан... Я шчыра люблю вашу жонку, але ж мы былi вялiкiмi сябрамi перад тым, як вы з ёю сустрэлiся... Вы яшчэ не забылi?

На ўсякi выпадак ён пайшоў павольней, каб не быць да яе надта блiзка.

- Як можна, Сабiна!.. Вядома, успамiнаю... Не, iдзiце прама, нiякага павароту, зараз будзе масток... Вось i манастыр... Што за кветкi памiж плiт? А гэта браткi, звычайныя браткi...

- А вы помнiце баль у клубе, мой першы баль?.. Вы мяне прывезлi дадому ў машыне вашага дзеда... Мае бацькi ўжо спалi; мы разам увайшлi ў маленькую гасцiную, i вы, не сказаўшы нi слова, абхапiлi мяне, i мы, шчаслiвыя, закружылiся ў танцы. |

- У той вечар я, здаецца, вас пацалаваў?

- Здаецца!.. Мы цалавалiся цэлую гадзiну!.. Гэта было так прыемна!.. Вы былi маiм героем.

- Падмануў я вас, ашукаў!..

- Наадварот, у пачатку вайны вы былi такiм малайцом!.. Вы мне так падабалiся!.. Я помнiла ўсе вашы ўзнагароды. Я i цяпер iх помню, магу вам назваць... Потым, калi вас паранiлi на фронце i, папраўляючыся, вы абручылiся з Франсуазай Паскаль-Бушэ, шчыра прызнаюся, удар быў цяжкi. Што ж тут дзiўнага!.. Я вамi так захаплялася! Калi я ўгледзела, што вы жэнiцеся з дзяўчынай, якую я добра ведала, якая была маёй школьнай сяброўкай у Сэн-Жане, з дзяўчынай прыгожанькай, але крыху ду-дурнаватай (прабачце мне, Антуан), я здзiвiлася, я засмуцiлася... I не толькi я - увесь горад...



5 из 11