- Куды вы так спяшаецеся, Антуан?.. Я б ахвотна правяла з вамi ўсю ноч у гэтым садзе.

- Я,здаецца, азяб.

- Дайце мне вашу руку... О, ды яна як лёд!.. Дазвольце, я прыкрыю вас лёгенька сваiм плашчом?.. I мы б маглi гэтак жыць, сэрца к сэрцу, увесь век... Вы аб гэтым не шкадуеце, Антуан?

- Што я магу вам сказаць, Сабiна?.. А вы? Вы шчаслiвая?

- Вельмi шчаслiвая... Гэтак жа, як i вы, даражэнькi Антуан, гэта значыць, з адчаем у сэрцы... Гэта сцежка вядзе ўгору, праўда?.. Ад вас мне няма чаго таiць... Я доўгi час сабе жадала смерцi... Цяпер яно лепш... Я супакоiлася... Вы таксама.

- Якая вы здагадлiвая, Сабiна!

- Не забывайце, што я вас калiсьцi любiла, Антуан... Гэта абвастрае зрок... Падтрымайце мяне, калi ласка... Гэты пад'ём даволi круты... Скажыце мне, Антуан, калi вы нарэшце агледзелiся? Калi вы ўбачылi Франсуазу такой, як яна ёсць? Бо як жанiлiся, вы былi сам не свой, яна вам свет завязала.

- Баюся вам пярэчыць, Сабiна, але нязгоды мiж намi i цяпер няма... Зразумейце мяне правiльна... Я i сёння адчуваю вялiкую прыхiльнасць да Франсуазы... "Прыхiльнасць" - слова смешнае, слабае, - я люблю Франсуазу... Але, як вы толькi што трапна сказалi, першыя два гады пасля нашага шлюбу, я быў сам не свой ад пачуццяў, каханне наша было моцным, непарушным i, маю ўсе падставы сцвярджаць, узаемным.

- Вось як!..

- Што "вось як"?.. О не, Сабiна, вы заходзiце надта далёка... Але вам не ўдасца знiшчыць маiх успамiнаў... Франсуаза дала мне такiя доказы кахання, што сляпы i той бы пераканаўся. Яна жыла для мяне, а я - для яе... Удваiх мы былi шчаслiвыя i не шукалi нiкога... Вы мне не верыце?.. Але я кажу праўду, Сабiна... Я кажу тое, што ведаю... Я быў з ёю... а вы не былi.

- Бедны мой друг, я з ёю была раней за вас... Я знаю вашу жонку з дзяцiнства. Яе сястра Элен i яна вучылiся разам са мной... Помню, як Франсуаза, з ракеткай у руцэ, стаяла на двары Сэн-Жана i гаварыла нам, Элен i мне: "Я павiнна выйсцi замуж за старэйшага Кеснэ, i я выйду за яго абавязкова".



9 из 11