- Тады гэта цуд, даражэнькi Антуан... Цуд, недаступны розуму... З пашанай схiляю галаву... Мiж iншым, я заўсёды адчувала прыхiльнасць да Франсуазы... Толькi нiяк не магла зразумець, чаму яе людзi не любяць.

- А хiба яе не любяць людзi?

- Ненавiдзяць... Вы што, не ведалi? Мяне страшэнна здзiвiла, што i ў Нiццы яе асуджаюць гэтак жа, як i ў Пон-дэ-Лёры.

- За што ж яе асуджаюць?

- О! Усё тое самае. Эгаiстка... З мужчынамi - какетка, з жанчынамi хiтруля. За крывадушнасць... Нарэшце, адсутнасць такту... Я яе заўсёды абараняла. Яшчэ школьнiцай, калi мы жылi разам у iнтэрнаце Сэн-Жана, я казала: Франсуаза Паскаль-Бушэ куды лепшая, чым здаецца на выгляд... Непрыемны голас i фальшывы тон, вось што ў ёй абурае...

- Вы знаходзiце, што ў яе непрыемны голас?

- Антуан!.. Вядома, пражыўшы дзесяць гадоў сумесна, вушы прывыкаюць... Зрэшты, гэта не яе вiна, i я не папракаю... Але што цяжэй за ўсё дараваць, дык гэта тое, што, падхапiўшы сабе такога мужа, як вы, яна...

- Што яна?

- Ды так, нiчога...

- Вы не маеце права, Сабiна, пачынаць фразу з намёкам i абрываць яе. Цi не шапнулi вам вашы iнфарматары, што ў Франсуазы былi палюбоўнiкi?

- Вы сур'ёзна пытаеце, Антуан?

- Зусiм сур'ёзна, магу вас запэўнiць...

- Вы ведаеце добра, мой мiлы, што гэтак гавораць пра ўсякую прыгожую жанчыну... Хто яго знае?.. Бывае дым i без агню... Франсуаза неасцярожная. Прыпамiнаю, што ў Пон-дэ-Лёры сцвярджалi нават, што яна кахала вашага брата.

- Бертрана?

- Ну так, Бертрана.

- Чыстае iдыёцтва... Бертран увасабленне сумленнасцi.

- Я iм гэта сто разоў паўтарала... Франсуаза i не здагадваецца, што я самы шчыры яе абаронца... А што там за матылькi беленькiя мiльгаюць у месячным святле?

- Гэта павой.

- Цудоўна! Евангельскiя лiлii далiны, цi ж няпраўда?

- Я б гэтага не сказаў... А цi не пара нам вярнуцца?.. Мабыць, нас чакаюць...



8 из 11