
Калi пан Ротмiстар скончыў, панна Анэля i малыя дзеткi пана З., аддаўшы бацькам "дабранач", пайшлi ў другi пакой памалiцца нанач.
- Цiкавую рэч расказаў пан Ротмiстар, - сказаў гаспадар. - Пра такое здарэнне з Дзядком, калi галава мудраца была прыстанкам няшчаснае грэшнiцы, я яшчэ не чуў. Вось i новае апавяданне да жыццяпiсу Драўлянага Дзядка.
Да позняга вечара гаварылi мы пра мiнулыя часы, пра школьных таварышаў, пра знаёмых - жывых i тых, што ўжо спачываюць у магiлах. У размовы нашы нязменна запляталiся смутак i надзея. Нарэшце пан Ротмiстар узяў свой кiй i шапку i хацеў iсцi дахаты, але гаспадар пакiнуў яго начаваць. Патушылi агонь, i я, ушчэнт стомлены пешаю вандроўкаю, моцна заснуў.[8]
ПРАХОДКА Ў ПОЛI
Адпачынак мой быў прыемны, хоць i кароткi. Прачнуўся я на свiтаннi. Пан Ротмiстар яшчэ спаў, i я, баючыся парушыць яго спакойны сон, ляжаў i разважаў аб прыгодах Драўлянага Дзядка i кабеты Iнсекты. Мне здавалася, што тая галава, пазiраючы на мяне, нагадвала пра пакуты, якiя чакаюць чалавека на яго жыццёвай пуцявiне, тая кабета-грэшнiца з'яўлялася ў маiх марах то ў аблiччы страшнае Iнсекты, то як пекны анёл у промнях, казала маёй душы, што толькi вера, мiласць да Бога i да блiжняга - шлях да сапраўднага жыцця.
Думаючы пра гэта, я не заўважыў, як прамень ранiшняга сонца зазiрнуў у вакно. Пачуўся голас гаспадара. Ён падняўся раней усiх i даваў парабкам загады на дзень.
Спеў пастуха ўжо адзываўся з пашы. Прачнуўся пан Ротмiстар; калi мы апраналiся i ён думаў пра дом, а я - пра далейшае падарожжа, зайшоў пан Зямельскi, павiтаўся i загаварыў да мяне:
- Чаму ты так рана ўстаеш? Iсцi такую дарогу - цяжкая праца, трэба добра адпачыць. Вiдаць, думаеш, што я дазволю развiтацца з намi сёння? Пагасцюеш у мяне колькi дзён, бо калi ад'едзеш далёка на поўнач, Бог ведае, цi ўбачымся, хiба толькi на тым свеце. I пана Ротмiстара прашу застацца на сёння з намi, бо ёсць у яго доме каму кiраваць гаспадаркаю.
Я паслухаўся гаспадара, i пан Ротмiстар пагадзiўся з iм.
