Наступнага дня панi Iнсекта з ксяндзом прыехалi ў Полацак. Бачылi гэтае дзiва ўсе ў кляштары, i жыхары натоўпамi прыходзiлi паглядзець на нечуваныя цуды. Кiдалi ёй ежу ў шкляны слоiк, але Iнсекта сядзела моўчкi i не каштавала нiчога; увесь гэты час была нямою, толькi вiдаць былi яе гнеў i неспакой.

- Трэба цяпер падумаць пра яе душу, - сказаў ксёндз i панёс яе ў слоiку ў зацiшны куток кляштара, дзе быў доўгi калiдор: з аднаго боку Архiтэктанiчная зала, з другога - музей; непадалёку ад гэтае залы пазiраў з муру, нiбы з вакенца, драўляны бюст фiлосафа Сакрата. Ксёндз паклаў кабету Iнсекту на фiлосафаву галаву i перад шматлiкiмi гледачамi чытаў ёй малiтвы i гаварыў на духоўныя тэмы. Але што рабiлася з галавою Сакрата! Страх успомнiць! Яна ў той час была падобная на запаленую бомбу, кiдалася сюды-туды; спалатнелi ўсе, хто блiзка стаяў. Баючыся, каб яна не раскалолася i не зашкодзiла гледачам, ксёндз безупынку чытаў малiтвы i вучыў пра мiласць Пана Бога i пра любасць да блiжняга.

Штовечар адбывалiся такiя адправы дзеля гэтае Iнсекты. I яна дзiўна выглядала з тою нешчаслiваю Сакратаваю галавою. Страх апаноўваў кожнага, хто толькi праходзiў гэтым калiдорам. Драўляны бюст, ад якога раней чулi столькi парад мудрых i пабожных, бэсцiў i лаяў, не разбiраючыся, усiх прахожых. Шкаляры баялiся падысцi да Драўлянага Дзядка, бо ўжо ён быў iм не зычлiвым настаўнiкам, а зацятым ворагам.

Гэтыя навукi i малiтвы доўжылiся некалькi месяцаў. Нарэшце трапiла iскра веры i мiласэрнасцi ў сэрца той кабеце Iнсекце, i драўляны бюст угаманiўся i палагаднеў. I ўжо з вуснаў Iнсекты зляталi словы, поўныя боязi Божае i мiласэрнасцi да блiжняга. З'явiлася яна аднойчы ксяндзу ў пекным аблiччы, падобная да анёла, нiмб вакол чароўнага твару, сукенка бялейшая за снег. Яна падзякавала за малiтвы, навукi i клопаты дзеля яе i ў мiг вока знiкла. Ксёндз укленчыў перад алтаром i дзякаваў небу за вяртанне i збаўленне гэтае душы.



15 из 39