
Бацька гэтага вучня быў чалавек небагаты i хацеў хоць не маёнткамi, дык, прынамсi, навукамi ўзбагацiць сваё дзiця. Колькi разоў адвозiў яго з дому ў горад, i калi словы-напамiны не дапамагалi, плацiў таму, хто згаджаўся быць сыну за неадступнага вартаўнiка, не пакiдаючы яго нi ў працы, нi ў адпачынку. Пад такiм наглядам Люцэфуга мусiў студыяваць навукi, хоць усё адно ленаваўся. Прырода ўзнагародзiла яго здольнасцямi, i ён мог бы быць найлепшым вучнем, але быў першы толькi па свавольствах i непаслушэнстве.
У апошнiя днi лiпеня ў полацкiх школах пачыналiся вакацыi. Шкаляры пасля iспытаў, перш чым раз'ехацца па дамах, гуртам прыходзiлi пагутарыць з Драўляным Дзядком. Кожны пытаўся ў яго пра сваё. Адны хацелi ведаць, што думаюць настаўнiкi пра iх стараннасць i паводзiны, другiя - цi перавядуць iх пасля вакацый у вышэйшы клас, цi ўзнагародзяць кнiжкаю цi абразкамi за стараннасць i поспехi ў навуках.
У гурце гэтых вучняў быў i той нядбайны шкаляр.
- Скажы, Дзядок, - пытаецца ён, - як мае стараннасць i паводзiны ацанiлi настаўнiкi i цi перавядуць мяне ў наступны клас?
Дзядок адазваўся журботным голасам, падобным да грымотаў з далёкае хмары:
- О! Люцэфуга! Люцэфуга! Ты як абрыдлы прусак, што хаваецца ад дзённага святла пад падлогаю або ў цёмнай шчылiне; засмучаючы бацькоў i настаўнiкаў, ты i не думаеш выпраўляцца. Святло навук i цнатлiвасць - гэта праваднiкi на шляхах жыцця, без гэтага лiхтара ты будзеш блукаць сярод цемры i нiколi не даплывеш да Порта Спакою душы i шчасця.
Усе студэнты, што стаялi вакол, са смехам гучна паўтаралi: "Люцэфуга! Люцэфуга!" - i з гэтага часу ён не меў сярод таварышаў iншае мянушкi, апрача тае, якую атрымаў ад Драўлянага Дзядка.
