Угневаны, ён пакiнуў сваiх сяброў i, бегучы цёмным кляштарным калiдорам, мармытаў сам сабе:

- Пустая драўляная галава плявузгае лухту, дае недарэчныя мянушкi, каб толькi пасмяяцца. О! Калi б я меў камень у кiшэнi, то яго лысая галава зазнала б гора!

Як i раней, бавiўся ён з прыяцелямi, а калi яму нагадвалi прароцтва Дзядка i называлi Люцэфугаю, казаў:

- Не навукi даюць чалавеку шчасце, а Фартуна; шмат хто не пакутаваў над кнiжкамi, а жыве на свеце, раскашуючы. Жыць так, як хочаш, нiчога сабе не забараняючы, - вось пра што я мару.

Прайшло чатыры гады. Бацькi яго памерлi, i, Люцэфуга вылецеў у свет, як матылёк, шукаючы ўцех i весялосцi; ён пералятаў з кветкi на кветку, збiраючы толькi атруту; сустрэў шмат падобных да сябе люцэфугаў i з радасцю пабратаўся з iмi. Усё больш i больш прыкрае было яму дзённае нябеснае святло, ён заплюшчваў вочы, спаў дзень навылёт, а ўначы са сваiмi прыяцелямi гуляў у карты, а тыя спрытна вызвалялi яго кiшэнi ад грошай i почасту даводзiлi Люцэфугу да нэндзы.

Выбраўся ён урэшце ў свет, некуды далёка, у вялiкi горад. Там хутка знайшоў знаёмствы i ўваход у дамы, куды частыя шумныя забавы вабiлi адусюль моладзь. Тут нейкая панна Аўрэля, худая, тонкая, бледная, пустая i легкадумная (бо дбала толькi пра тое, каб быць лёгкаю, зграбнаю, найменей мець цела i як вецер лётаць у салонах). Доўгiя бяссонныя ночы яна бавiла на балях i пагулянках. Там лёгка скакала вальс, нястомна лётала над падлогаю; рой залётнiкаў заўсёды акружаў яе. Уставала з пасцелi, калi сонца хiлiлася да вечара. Сустрэў Люцэфуга яе на нейкiм бале i ўзяў на вока; даведаўся яшчэ, што панна Аўрэля мае ўласную вёску i вялiкiя грошы. Маёнтак i грошы - рэчы, вядома, патрэбныя.

Аднаго разу на свiтаннi вярнуўся ён дадому, зачынiў вокны, але не мог заснуць: Аўрэля стаяла ўваччу. Думаў, як лёгка яна таньчыць, якая зграбная, вясёлая, сапраўды эфiрная нейкая, а яшчэ, здаецца, i характарам падобная да яго. О! Калi бы ён меў такую жонку, быў бы найшчаслiвейшы з людзей, вечнае каханне i згода панавалi б мiж iмi. А да таго ж - маёнтак i грошы. I ён вырашыў: што б там нi было, паведамiць ёй пра сваё каханне i прасiць яе рукi.



19 из 39