З гароду прыйшла гаспадыня, акружаная дзецьмi; старэйшая дачка, якая звалася Анэля, мела чорныя валасы, стройную постаць, жывы пагляд; прырода яе надзялiла так шчодра, што каштоўныя аздобы i ядваб да яе прыгажосцi нiчога дадаць не змаглi б. З вялiкай прыемнасцю глядзеў я на гэтую шчаслiвую сям'ю.

- Ты з нашага павета цi з далёкiх краёў iдзеш? - спыталася гаспадыня.

- Мне з дзяцiнства знаёмыя ваколiцы Полацка, але, шукаючы долi, я пражыў шмат гадоў далёка, цяпер адведваю гэты край. О! Якiя вялiкiя змены бачу, толькi горы i лясы захавалi свой даўнi выгляд.

- А як даўно пакiнуў родны край?

- Ужо таму васемнаццаты год.

Гаспадар, пазiраючы на мяне, кажа:

- Здаецца, што я цябе колiсь бачыў у гэтых краях, але прозвiшча не магу ўспомнiць.

Я назваў яму прозвiшча, ён з радасцю схапiў мяне за руку i сказаў:

- Я З[5]..., мы былi калiсьцi школьнымi таварышамi.

I тут пайшла доўгая гаворка пра шчаслiвае мiнулае, пра маладых таварышаў i настаўнiкаў полацкiх школ, пра знаёмых, хто дзе i як жыве, хто i калi пакiнуў бацькаўшчыну, пра старцаў, якiя ўжо выбралiся да вечнага дому нашага.

Пасля пан З... зняў з шафы драўляны бюст i сказаў:

- А гэтага Дзядка цi памятаеш? Даўней ён лепш выглядаў, калi, высунуўшыся з-за сцяны праз вузкае вакенца, даваў нам парады i перасцярогi, цяпер можаш бачыць на яго твары, колькi ён мусiў выцерпець, пакуль трапiў сюды да мяне, ён для мяне дарагая памятка. Гледзячы на яго, я ўспамiнаю тыя мудрыя перасцярогi i паўтараю iх сваiм дзецям. Гэты мой маленькi сынок добра ведае, што дазваляе i што забараняе Драўляны Дзядок.

- О! Гэты Дзядок мусiў прайсцi па страшных пуцявiнах пасля развiтання з кляштарным дахам, жорстка яго свет прывiтаў: галава прасвiдраваная, вочы выкалатыя, вусны апаленыя; людзi не любяць праўды, але, напэўна, ён, вандруючы па свеце, быў нямы i нiкога не абражаў напамiнам.

- Людзям цяжка дагадзiць, можа, пакутаваў за тое, што маўчаў. Раскажу пра яго вандроўкi i пра iншыя дзiўныя здарэннi, пра якiя чуў ад асоб, што жывуць з намi па суседству. А цяпер падарожнаму трэба падхарчыцца.



2 из 39