
Сабралi стол, падалi гарэлку i закуску; Анэля дастала з палiцы спелыя малiны, якiя сабрала ў садзе, i цудоўныя яблыкi. Тут пан З... хвалiў свае садовыя дрэвы, якiя сам садзiў i прышчапляў. Калi ветлiвы гаспадар частаваў i падахвочваў мяне вячэраць, адчынiлiся дзверы, абапiраючыся на кiй, заходзiць стары, галава i вусы белыя. Быў гэта калiсьцi вялiзны i дужы мужчына, але цяжар гадоў пахiлiў яго высокую постаць.
- Як маешся, пане Ротмiстру, у добры час зайшоў. Рэкамендую табе мiлага госця, некалi калега мой школьны, далёка дзесьцi вандраваў i цяпер праз шмат гадоў наведаў сваю бацькаўшчыну. Будзем бавiць разам вечар у прыемных размовах, знойдзецца пра што гаварыць пасля такое доўгае ростанi.
Прайшло няшмат часу, ужо i самавар прынеслi, налiваюць гарбату, стары пан Ротмiстар, седзячы ля стала, сказаў гаспадынi:
- Мая панi, даўней гарбата была лекамi ад галавы, а цяпер без яе i жыць не могуць, якiя перамены ў свеце.
Пан З... паставiў шклянку на стол.
- Слухай цяпер, - сказаў мне, - раскажу табе пра дзiўныя здарэннi з Драўляным Дзядком.
Дзецi, хоць, можа, не раз чулi гэтае апавяданне, поўныя цiкавасцi, прымайстравалiся ля бацькi.
ШТО ЗДАРЫЛАСЯ З ДРАЎЛЯНЫМ ДЗЯДКОМ
У Полацку, калi езуiцкiя муры перабудоўвалi паводле новага загаду[6], выкiнулi разам з друзам усё тое, што было бескарыснае i непатрэбнае, асуджаны быў i гэты бедны Дзядок на такую ж знявагу; засыпаны вапнаю i пабiтаю цэглаю, ляжаў ён непадалёку ад тых муроў, колер валасоў i твару ягонага ўжо змянiўся ад дажджоў i спёкi; работнiкi, нанятыя расчышчаць тыя мясцiны, выкапалi яго з-пад друзу i прынеслi да свайго гаспадара-купца,мяркуючы, можа, на што-небудзь яму спатрэбiцца. Купец задумлiва глядзеў на гэтага Дзядка i вырашыў, што гэта, мусiць, бюст нейкага вялiкага чалавека, паклiкаў да сябе фактара[7] жыда Залмана, пытаючыся, што значыць гэты драўляны бюст; можа, ён мае рысы князя або якога даўнейшага мысляра.
