- Дзе Аўрэля? Цi яна жывая? Цi вернецца калi да мяне? - уздыхнуў, i слёзы палiлiся з вачэй.

Так i блукаў ён без сну цэлую ноч па лесе. На ўсходзе пачало свiтаць, зарумянiлiся аблокi. Люцэфуга, бачачы дзённае святло на небе, крыху супакоiўся. Вырашыў iсцi на ўсход. Калi сонца ўжо было высока, пачуў голас касцельных званоў, i яны вывелi яго з лесу да чалавечага жытла.

Гэтая вёска яму незнаёмая, далёка зайшоў ад свайго дому; заходзiць у сялянскую хату, твар яго самотны, бледны, нявыспаны, змучаны начным блуканнем. Люцэфуга расказваў гаспадару пра сваё няшчасце, той доўга слухаў i здзiўляўся, што кабета была такою лёгкаю i паляцела з ветрам. Гаспадар задаволена глянуў на сваю жонку, што завiхалася па гаспадарцы, злiтаваўся, запрасiў госця адпачыць i паабяцаў адвезцi дахаты.

Люцэфуга вярнуўся ў жончыну вёску. Усюды пуста. Няма Аўрэлi. Паслаў людзей паўсюль, каб даведалiся пра яе. Пасланцы вярнулiся без анiякае весткi. Разышлася пагудка па ўсёй ваколiцы, i нават у горадзе было вядома, што Люцэфугава жонка паляцела з ветрам. Адны спагадалi яму, другiя, чуючы такiя дзiвы, рвалi ад смеху бокi.

Ён не выходзiў з дому, усё разважаў, што рабiць. Аднаго разу сядзеў увечары самотны ў пакоi: шэры змрок i маўчанне былi яму сябрамi. Тут забягае лёкай i паведамляе, што прыехаў нейкi пасланец з лiстом. Ён глянуў на яго з невыказнай радасцю: лiст быў падпiсаны рукою Аўрэлi.

Люцэфуга прачытаў лiст i застыў як скамянелы. Аўрэля жывая, але каханне, што яна мела да мужа, страцiла назаўсёды. Пiша, што закончыла паветранае падарожжа за пяцьдзесят вёрст ад свайго дому, жыве цяпер у маёнтку даўняга свайго прыяцеля i вяртацца да мужа, у якога характар i погляды зусiм iншыя, чым у яе, не думае. I таму яна рупiцца аб разводзе, не шкадуючы на гэта анiякiх грошай.



21 из 39