
Люцэфуга дабiўся свайго, ажанiўся з Аўрэляю. Каханне i згода былi мiж iмi цэлую восень i зiму. Час весела ляцеў у тэатрах i канцэртах, ездзiлi на балi i самi прымалi гасцей. Ён па сваёй завядзёнцы гуляў у карты да самага свiтання, а яна захапляла моладзь лёгкасцю ў танцах, жывым сваiм характарам i вясёлымi размовамi.
Вясною яны прыехалi ў вёску, каб вечарамi прагульвацца пад ясным небам, адпачываць у засенi лiп, слухаць салаўiныя i жаўруковыя спевы. Але, ах! Гэтаю вясною напаткалi Люцэфугу найвялiкшыя пакуты i ляснулi ўсе яго надзеi.
Увечары, на захадзе сонца, выйшлi яны прагуляцца ў поле. Неба было пагоднае, паветра цiхае. Iдучы недалёка ад лесу, размаўлялi пра сваiх знаёмых. Аўрэля захоплена казала пра аднаго маладога кавалера, якi быў надзвычай спрытны ў танцах, Люцэфуга хвалiў свайго сябрука, што, гуляючы ў карты, нiколi не праiгрывае. Мiж iмi ўсчалася спрэчка, i калi Аўрэля, даводзячы сваё, усё больш i больш злавалася, - нечакана зашумеў лес i вецер засвiстаў над полем. Аўрэля, гэтая лёгкая паветраная iстота, як пяро, узляцела i хутка, так што нельга было яе стрымаць, падымалася ўсё вышэй i вышэй. I вось ужо ляцiць над бярозавым гаем, муж глядзiць на яе, ломячы рукi, i не ведае, што яму рабiць.
Аўрэля ляцiць разам з ветрам, нiбы лёгкi матыль. Люцэфуга бяжыць праз палеткi, лясы i горы з надзеяю, што, можа, яна затрымаецца дзе-небудзь на вяршынi гары цi на высокiм дрэве. Людзi рознага звання, што праязджалi непадалёк, паглядалi на гэта са здзiўленнем. Адны смяялiся, другiя спачувалi Люцэфугу, але нiхто не мог яму дапамагчы.
Муж бег, пакуль яшчэ мог бачыць яе здалёк, але калi ноч апусцiлася на зямлю, Аўрэля знiкла з вачэй. Бедны Люцэфуга спынiўся сярод цёмнага лесу, чуе вакол сябе толькi савiныя галасы, не ведае, у якi бок падацца; хадзiў усю ноч, i гэты лес, здавалася яму, не меў нiдзе канца. Змардаваны, ён сеў пад дрэвам, глянуў на зорнае неба, успомнiў прароцтва Драўлянага Дзядка. Цяжкi сум лёг яму на сэрца:
