Паветра чыстае, вока цешылася малянiўчым наваколлем, на пагорках пасвiлiся шматлiкiя чароды, на спакойным возеры плавалi качкi i белыя гусi, у гаях адзывалiся птушыныя спевы, на лугах i жоўтых ад квеценi лiпах гулi, снуючы сюды-туды, працавiтыя пчолы; ясны дзень i пекныя краявiды захаплялi ўсiх. Фiлосаф разважаў пра размаiтыя з'явы жыцця. Урэшце - пра чалавека, што ён ёсць частка самога Бога, што душа яго, заглыбiўшыся ў даследаваннi, разумее ўсе цуды, бачыць усе таямнiцы. Добрыя ўчынкi ён называў анёламi, а грэх - нячыстым духам цi шатанам.

У час гэтых разважанняў галава яго вокамгненна схавалася пад капелюшом, зацьмiлася ў вачах, i знiклi ўсе малюнкi прыроды. Фiлосаф зрывае капялюш, i госцi бачаць перад сабою жудаснае вiдовiшча: не было ў яго галавы, толькi над шырокiмi плячамi вiсеў на тонкай шыi нейкi шарык накшталт макавае галоўкi. Задуманыя, стаяць усе, бледнасць на тварах, неспадзяванае дзiва перапалохала гасцей, усiм мову пазаймала.

Доўга ўся гэтая сябрына маўчала. Фiлосаф, круцячыся на адным месцы, нейкiм пiсклявым голасам мармытаў няўцямныя словы. Ледзь вырывалiся з грудзей яго ўздыхi, а калi падняў рукi ў неба, iмгненна ўбачылi над яго плячыма звычайную чалавечую галаву.

Госцi паглядалi адзiн на аднаго, не разумеючы, што гэта значыць, а яго сябар-асiстэнт смяяўся да слёз, даводзячы, што тое дзiва здарылася ад сонечнае спёкi, i раiў усiм вярнуцца дахаты, бо шпацыр у спякоту не спрыяе здароўю.

Усе паверылi, што бачылi звычайную рэч, i пераканалi гаспадара, што ўсё гэта ад прылiву крывi. А хутка i забылiся пра ўсё. Фiлосаф жа па-ранейшаму трымаўся сваiх поглядаў i нязменна трыумфаваў.

Ён не пакiнуў займацца ашуканствам, а пасля асмелiўся нават надрукаваць свае разважаннi, што супярэчылi рэлiгii i здароваму розуму, у часопiсе. Яго старыя суседзi, якiм гэта чытаў, папярэджвалi:

- Пакiнь свае памылкi; вер так, як верылi твае бацькi. Яны жылi шчаслiва i спакойна; iх простая вера заслужыла ўзнагароду. Якая ж праўда вышэйшая за праўду веры? Бог яе сам аб'явiў у Евангеллi, i гэтая мудрасць, як сонца нябеснае, асвятляе цэлы свет i кажа пра таямнiцы. Чалавечы розум няхай супакоiцца, бо гэта за мяжою яго разумення. Памылковыя думкi вядуць народ да бяды, а веру - да ганенняў.



26 из 39