
Аднак усе парады i напамiны былi марныя.
На змярканнi Фiлосаф, вяртаючыся са шпацыру, мiнаў пагорак, дзе ў засенi некалькiх бяроз стаяла старая драўляная каплiчка, узвышалiся камянi i пахiленыя крыжы на могiлках. Там ён убачыў некалькi сялян, што, укленчыўшы, малiлiся за душы памерлых. Фiлосаф здзiвiўся iх прастаце. "Бедныя людзi, падумаў сам сабе, - вераць, што жыхары таго свету чуюць iх цi патрабуюць ад iх малiтвы".
Ледзь падумаў так, як агарнула яго нейкая трывога, а калi заспяшаўся дахаты, убачыў нечакана, што побач з iм iдзе велiзарны шкiлет. Гэта так яго напалохала, што, вярнуўшыся дадому, ён доўга быў як непрытомны. Дарэмна стараўся пераканаць яго прыяцель, што гэта адбылося з якойсьцi самай звычайнай прычыны. Здаралася колькi разоў, што ўвечары той шкiлет заходзiў у ягоны пакой i станавiўся ля стала. Тады Фiлосаф пранiзлiвым крыкам склiкаў да сябе ўсiх, хто быў у доме. Калi заплюшчваў вочы, каб заснуць, здавалася яму, што страшны крывасмок, абапiраючыся спарахнелай рукою, навiсаў над яго тварам i жахлiва заглядваў яму ў вочы; пранiзлiва крыкнуўшы: "Труп, труп!" - Фiлосаф усхоплiваўся з ложка. Доўгi час бачачы такiя вiдовiшчы, ён зусiм перамянiўся: пабляднеў з твару, саслабеў i заўсёды меў неспакойныя думкi. Да таго ж асiстэнт, засмучаны гэтымi пераменамi, пакiнуў яго i выехаў у нейкiя далёкiя краiны.
Раней Фiлосаф быў моцны духам, нi ў што не верыў; цяпер прымхi мучылi яго душу i даводзiлi да роспачы. Калi часам пачуе сярод начное цiшы стогны ўдода або журботныя савiныя крыкi, рабiўся надзвычай устрывожаны, чакаў якого-небудзь няшчасця ў доме. Заскуголiць сабака на панадворку - ён бяжыць паглядзець, у якi бок павернута сачая морда, бо, на яго думку, там жахлiвы пажар знiшчыць вёску або выпалiць лес.
