А яшчэ больш раздражнялiся яго аслабленыя нервы, калi бачыў, што, скуголячы, сабака не падымае галаву, а нiбыта чуе нешта пад зямлёю. Роспач агортвала яго, бо гэта вешчавала смерць камусьцi ў яго доме. I ён, не могучы пазбавiцца ад гэтага страшнага прароцтва, тут жа загадваў запрагаць коней i ўцякаць у горад або куды-небудзь да знаёмых цi суседзяў. Са страхам апавядаў iм, што здарылася ў яго доме, i тыя марна старалiся пераканаць яго, што трывога ягоная дарэмная.

Дзiўны ўплыў на Фiлосафа меў месяц. Ён наганяў неспакой, i Фiлосаф не мог сядзець у тым пакоi, куды лiлося з неба бледнае месяцавае святло.

У летнюю спёку ён самотны сядзеў ля вакна, паглядаючы ў поле; вецер, не раўнуючы, як на возеры, падняў на амаль ужо спелым жыце хвалi; цешыў яго добры ўраджай, i меў ён надзею ў гэтым годзе на вялiкiя даходы з маёнтка. Нечакана пачуў ён у пакоi стрэл, нiбыта з пiсталета, якi скалануў усе ягоныя нервы. Фiлосаф адскочыў ад вакна i ўбачыў на сцяне пераламаную папалам асаду з партрэтам дзеда-нябожчыка. Гэты выпадак настолькi яго перапалохаў, што праз некалькi дзён ён памёр.

Гаспадар загаварыў да мяне:

- Памятаеш, калi мы хадзiлi ў школу, колькi было моладзi рознага характару i здольнасцяў? Цяпер раз'ехалiся па свеце. Думаю, мiж iх ёсць шмат люцэфугаў i гордых фiлосафаў. Гора нам, калi такi заняў месца ў духоўным або грамадскiм кiраўнiцтве.

- Цяпер жалезны век, - сказаў я, - чалавек лёгка робiцца горшы.

- Сапраўды, век жалезны, - прамовiў Ротмiстар. - Знiкае спакойнае i вясёлае жыццё, цяпер, здаецца, усе баяцца адзiн аднаго, часта чуеш стогны i скаргi. О, як добра прарочыў гэта Драўляны Дзядок аднаму з маiх калегаў, якi быў надзвычай арыгiнальнага нораву i ў весялосцi пераступаў усе межы; калi даходзiў да такога стану, то кожная рэч у яго марах малявалася ў аблiччы нейкiх дзiўных велiканаў. Iмя яго - Севярын. Я за характар называў яго Летуценнiкам.



28 из 39