Першае каханне, да таго ж яшчэ нешчаслiвае, - найвышэйшая навука, пасля якое чалавек з увагаю пачынае чытаць кнiгу свету, таямнiцы сэрца, адносiны сяброў i блiзкiх. Адсюль пуцiны чалавечага жыцця бяруць накiрунак на поспехi i няўдачы. Тут ён сустракае няраз насмешлiвыя вочы i нясталае сяброўства. Зразумеў i Севярын, што свет не рай, а людзi не анёлы.

Пасля гэтага здарэння зрабiўся ён самотны, усе ягоныя мары былi жахлiвыя, уцякаў ад людзей, мiлай была яму адзiнота, найпрыемнейшы быў яму малюнак неба, i то толькi тады, калi ў чорных хмарах адзывалiся грымоты, выў вецер, шумелi лясы i хвалi на возеры. У нiкчэмных жамярыцах пазнаваў ён постацi шкадлiвых людзей, мроiў i расказваў пра дзiвы. Усе, хто ведаў Севярына, жартавалi з яго i называлi вар'ятам.

Калi я вандраваў у тых краях, дзе ён жыў, дык адведаў яго, як сябра свайго дзяцiнства. Заходжу ў пакой i бачу, што сядзiць ён самотны, задумлiвы, бледны, вопратка i валасы збэрсаныя.

- Як маешся, Севярын?

Ён устаў, абуджаны ад сваiх мрояў, i доўга, не пазнаючы, глядзеў на мяне. Я назваўся.

- А! Даўно чакаю! - прамовiў ён, пацiснуў мне руку i пасадзiў ля сябе, а сам зноў аддаўся мроям i сядзеў як нямы.

- А ўжо колькi гадоў прайшло, - перапынiў я маўчанне, - як развiталiся мы з маладымi нашымi прыяцелямi i настаўнiкамi. Шчаслiвыя былi часiны! Цi ўспамiнаеш цяпер тыя даўнiя забавы, размовы, майскiя праходкi, прыемныя мары i жарты, у якiх ты заўсёды вёў рэй?

- Мае мары i жарты знiклi назаўсёды. Цяпер у мяне iншыя погляды: тады чалавек мог бы зрабiцца шчаслiвы, калi б ператварыўся ў камень, калi б засыпаў яго пясок i нiчога не чуў i не бачыў, што дзеецца на свеце.

- Як ты перамянiўся! - здзiвiўся я. - Няўжо табе абрыдла ўсё пад сонцам?

- Усё. Расказаў бы шмат, але баюся, бачыш: усюды вакол нас лётаюць мухi. Бачыш, гэтыя прыкрыя стварэннi залятаюць i вылятаюць у адчыненае вакно.



30 из 39