
Калi сказаў так, слёзы палiлiся з вачэй старога Ротмiстра. Гэта засмуцiла мне сэрца i думкi.
- Бог вялiкi i ўсемагутны, - сказаў я, - i на яго трэба спадзявацца.
Да нашае размовы дамяшалася маўчанне. Ротмiстар, выцiраючы хусцiнкай слёзы нарэшце абазваўся:
- Праўда, хто верыць, той сустрэне цуды.
I тут перад нашымi вачыма з'явiўся дзiўны прывiд. Стаiць высокая кабета, сукенка яе белая, як снег, твар гожы, як у анёла, на галаве вянок са свежых ружаў, на руках трымае Драўлянага Дзядка. Мы аслупянелi, а яна вокамгненна знiкла. Глухое маўчанне. Глядзiм адзiн на аднаго, не адважваючыся вымавiць слова.
Так мы сядзiм нейкi час. Нечакана адчыняюцца дзверы i заходзiць у наш пакой гаспадыня.
- Што такое? - дзiвiцца яна. - Цэлую ноч гамонiце, не чуеце, што ўжо другiя пеўнi праспявалi, мусiць, хутка пачне днець.
- Пан Ротмiстар, - сказаў Зямельскi, - так захапiў нас сваiмi апавяданнямi, што мы зусiм забылi пра сон, а да таго ж, толькi што ўсе мы тут бачылi дзiўны прывiд: нейкую кабету з кветкамi на галаве, i Дзядок такi ж, як наш, быў у яе ў руках.
- У сне i я бачыла цуды, пра якiя нiколi не думала наяве. Снiлася мне нейкая прыгожая ранiца, было так цiха, што валасы i не варухнулiся на галаве, на небе нi хмурынкi, узыходзiла сонца, i было яно не сляпучае, але разлiвала вакол святло, нiбы з чыстага золата. Сабралася шмат люду, усе моўчкi, нiбы чакаючы кагосьцi, паглядалi на ўсход. Тут з вышынi зляцеў анёл, стаў на ўсходзе, ударыў рукою па сонцы, i зазвiнела па ўсёй зямлi, быццам ударыў нехта ў звон. Гэтыя зыкi пранiклi ў чалавечыя сэрцы. Укленчылi ўсе, i я старанна малiлася. Да мяне падышоў стары, зусiм падобны да нашага Драўлянага Дзядка, i кажа: "Малiся!"
Пасля мне здавалася, што я адна блукала ў полi, бачыла на небе рэдкiя аблокi, i яны былi белыя, як снег; адно воблака ўпала на зямлю перада мною, я падняла яго i бачу, што на iм штосьцi напiсана, але што - прачытаць не магу. Зноў падыходзiць да мяне той самы Дзядок i кажа:
