
Наступнага дня, калi мы прачнулiся, сонца было ўжо высока. Ён прывiтаў мяне з крыху весялейшым тварам, распытваў пра маiх знаёмых, пра суседзяў, пра мяне самога, цi часта я быў дома пасля таго, як мы развiталiся пасля школы, якiя я наведаў краiны i як жыў? Ён дзякаваў мне, што пераведаў яго, а калi я сказаў запрагаць коней, каб раней выехаць, ён мiла ўпрошваў мяне застацца на абед. I я не мог адмовiць яго шчырай просьбе.
Пасля абеду Севярын прынёс найлепшага вiна, якое меў з даўняга часу.
- Давай вып'ем, - сказаў ён. - Гэта апошняе развiтанне, убачымся ўжо хiба што на тым свеце.
Пасля загадаў запрэгчы коней, далёка правёў мяне i развiтаўся са слязьмi.
I сапраўды, гэта была апошняя сустрэча. Хутка я даведаўся, што Севярын пакiнуў той дамок, дзе некалi жылi ягоныя бацькi, выехаў назаўсёды, i цяпер нiхто не ведае, дзе ён. Цi жыве яшчэ, цi, можа, памёр ужо ў чужым краi i мiж чужога народа.
ПРЫВIДЫ
Пан Зямельскi загаварыў да мяне:
- Вось так i мой даўнi сябар пакiнуў Бацькаўшчыну, i васемнаццаць гадоў не ведалi мы, дзе вандраваў ён па свеце. Мы часам верым, што недзе там, далёка, лепшы край i лепшыя людзi. Бог яго ведае, нашы бацькi жылi i тут спакойна, нам жа наканавана iншая доля. Аднак я, дзякуй Богу, пражыў свае маладыя гады там, дзе нарадзiўся. Можа, дасць Бог, i косцi мае тут спачнуць.
- Што да мяне, дык я шмат вандраваў; калi б захацеў расказаць пра сваё жыццё, дык успамiнаў бы ўсю гiсторыю слаўных войнаў Напалеона. Не мроi прымушалi мяне туляцца па ўсiм свеце са зброяй у руках, не прага таннае славы, а надзея, што некалi буду цешыцца ўспамiнамi мiнулых маiх спраў i спакойна памру сярод сваiх землякоў. Але Бог наканаваў iнакш. Мой сын туляецца недзе ў чужой зямлi, жыць засталося мне няшмат, ужо, пэўна, яго не пабачу...
