
Яўхiмiя нарэшце згадзiлася пакiнуць у хаце гэтага Дзядка, аднак не раз плявала на яго, называючы страшыдлам, i заўсёды пазiрала гняўлiвым вокам. Гаспадар растлумачыў свайму прыяцелю, што гэта бюст славутага мысляра Сакрата, i яго памясцiлi на сцяне мiж двух вокнаў.
Уначы, калi ўсе спалi, i яшчэ не праспяваў певень, Яўхiмiя з крыкам усхоплiваецца з ложка, будзiць мужа, каб хутчэй запалiў агонь, бо той Драўляны Дзядок напалохаў яе i яна ўся дрыжыць з пярэпалаху; муж падхапiўся, здзiўлены гэтым выпадкам, i запалiў святло.
- Гэты драўляны дзед, - сказала Яўхiмiя, - усю ноч снiўся мне ў жахлiвых аблiччах, я ўцякала ад яго праз дзiкiя лясы i багну, а ён гнаўся за мною з паходняю i хацеў мяне скiнуць у нейкую вогненную прорву; калi абудзiлася ад гэтага сну, дрыжучы ад страху, убачыла яго ў месяцавым святле на сцяне, зiхацелi яго вочы i ён люта пазiраў на мяне, ах! злiтуйся, вынесi гэтае страшыдла прэч.
Муж, прыгадваючы, што некалi яму жыд расказваў, думаў сам сабе: "А можа, i праўда, што ў iм схаваныя нейкiя чары", аднак, нiчога пра гэта сваёй жонцы не мовячы, узяў Дзядка са сцяны, занёс у пякарню, паставiў на печ, а Яўхiмii казаў, што той сон i грозныя вочы Дзядка прымроiлiся ёй ад неспакойных думак, аднак жа святло гарэла ўсю ноч, i Яўхiмiя заснула спакойна толькi перад свiтаннем.
А Дзядок, забыты ў пякарнi на печы, праз некалькi тыдняў пачарнеў ад дыму, якi там штодня стаяў пад столлю цэлаю хмарай. Праз нейкi час купцовы парабчанкi i яшчэ некалькi дзяўчат з тае вёскi знялi Дзядка з печы, каб напалохаць парабкаў, якiя пасля вячэры ў цемры павiнны былi iсцi спаць на сена. Апярэджваючы iх, дзяўчаты паспяшалi да аборы, абкруцiўшы прасцiнаю куль саломы, з якога наверсе тырчала галава Дзядка, i хацелi яго паставiць, нiбы пудзiла, ля сцяны, але тут нечакана каля iх пачаўся незвычайны шум, i вочы Дзядка засвяцiлiся агнём; дзяўчаты з крыкам разбеглiся,некаторыя пападалi непрытомныя на дарозе, iншыя ўскочылi ў дом, бледныя, быццам нежывыя: даведаўшыся пра гэтае здарэнне, пабеглi ратаваць самлелых, ледзь вярнулi iх да жыцця. Куль саломы i Дзядка знайшлi ля сцяны. Яўхiмiя крычала, што ў iм сядзiць д'ябал, гаспадар i iншыя мужчыны даводзiлi, што дзяўчатам усё гэта прымроiлася, бо яны палахлiвыя, аднак жа Дзядок ужо не вярнуўся ў хату, кiнуты ў адрыне, ён ляжаў там на вiльготнай зямлi.
