
- Ведаю добра, - усмiхаючыся, сказаў Залман, - што нi князь гэта, нi мудрэц, але гэтая галава, калi выглядвала з-за муру, то гаварыла, i кажуць, што часам i вельмi разумна, я яе сам бачыў.
- Гаварыла? Што за лiха, драўляная галава! Пэўна, нейкiя тут чары?
- А можа, i чары, навошта яна табе, аддай мне, я за яе заплачу.
- Хочаш, як бачу, мяне ашукаць. Лухту мелеш: драўляная галава гаварыла, быць гэтага не можа.
Падчас гэтае размовы жыда з купцом падышоў хтосьцi, апрануты па новай модзе, можа, якi чыноўнiк або настаўнiк, i, гледзячы на Драўлянага Дзядка, кажа:
- Гэта галава грэцкага фiлосафа Сакрата, я чытаў пра яго i бачыў яго партрэт, падобны на гэты твар. Ён шмат пакутаў прыняў ад сваей жонкi Ксантыпы i за праўду, якую гаварыў свету, спазнаў гора.
Купец, радуючыся, што знайшоў такi скарб - бюст вялiкага Сакрата, пра розум якога некалi чуў, адагнаў жыда ад Дзядка i вырашыў мець яго ў вёсцы ў сваiм доме i, часам гаворачы пра Сакратавы пакуты, нагадваць учынкi свае жонкi, бо яго жонка Яўхiмiя была падобная да Ксантыпы.
Ужо праз колькi дзён Драўляны Дзядок з купцом пераехалi ў вёску, што была за некалькi дзесяткаў вёрст ад Полацка, гаспадар унёс яго ў хату, з гонарам паказвае сваёй жонцы, тлумачачы ёй, што гэта бюст слаўнага грэцкага мудраца.
Яўхiмiя глянула на Дзядка скоса:
- Гэтае страшыдла драўлянае з барады i носа падобнае на цябе - цi варта было цягнуць яго з сабою.
Дарэмна муж пераконваў, што гэта вялiкi рарытэт, i ўжо нешчаслiвы Дзядок мусiў быць выкiнуты з дому i начаваць пад голым небам, але, на шчасце, прыйшоў сусед i прыяцель; ён супакоiў Яўхiмiю i давёў ёй, што гэты твар нiчога агiднага ў сабе не мае, можа быць, гэта бюст нейкага пустэльнiка або манаха, якi некалi жыў пабожна, а таму варты пэўнае павагi.
