- Глядзi, твой Сакрат плача, вiдаць, не даеш яму гарэлкi або пакрыўдзiў чым iншым.

Калi карчмар, дзiвуючыся, пазiраў на Дзядка, на панадворку сабакi, падняўшы морды, пачалi выць, рыкала жывёла ў аборы, куры, злятаючы з курасаднi, неспакойна, з крыкам бегалi па зямлi, вецер шумеў ля карчмы, усiх апанавала вялiкая трывога, працверазелi ўсе i малiлiся, аж пакуль гэта не супакоiлася. Я чуў таксама, што, калi гэтыя свавольнiкi вярнулiся ў двор, пан невядома з якое прычыны быў раз'юшаны i загадаў за тое, што доўга бавiлiся ў карчме, пакараць iх розгамi.

Усвойскi агледзеў Дзядка i расказваў усiм пра гэтае здарэнне, просячы кожнага, каб не чынiў яму нiякай знявагi; прайшло некалькi месяцаў, усё забылася, i сам карчмар, прымаючы ў сябе суседзяў i стрыечнiкаў i добра падвесялiўшыся, забыў пра ўсё i кажа да Драўлянага Дзядка:

- Ты гарэлкi з намi не п'еш, выкуры хоць цыгару, мне падараваў некалькi прыезджы пан, табе не пашкадую.

I ўсунуў запаленую цыгару Дзядку ў губы; тут забягаюць суседзi i крычаць, што страха ў карчме гарыць; працверазеў карчмар, выбеглi госцi, сабраўся люд, разабралi дах i ледзь уратавалi будынак.

Трымаў гэта ў сакрэце Ўсвойскi, думаў, як бы пазбавiцца ад Дзядка, але баяўся з iм абысцiся недалiкатна - кiнуць у агонь або ў ваду, бо ўжо зазнаў, як ён карае за крыўду. Чакаў толькi выпадку, калi будзе хто мець ахвоту яго набыць, але тым часам трымаў яго ўжо не ў куце за сталом, а заўсёды зачыненага ў шафе.

У тых самых мясцiнах на ўсход за лесам жыў пан Хапацкi, якi меў колькi падданых сялян, быў нейкi час асэсарам, а потым падсудкам, вучыўся некалi ў школах, i так вывучыўся, што не верыў нi ў што i з усяго кпiў.

Аднаго разу, едучы на лёгкай брычцы, ён наведаў карчмара, з якiм здавён меў агульны камерцыйны iнтэрас, бо праз яго збываў i набываў коней, да якiх быў вялiкi аматар. Усвойскi, хочучы збыць з рук Драўлянага Дзядка, дастаў яго з шафы i, ставячы на стале, кажа:



7 из 39