
- Глядзi, пане суддзя, якi я маю рарытэт. Няхай пан здагадаецца: да каго гэты твар падобны?
Хапацкi, паглядзеўшы, кажа:
- Нейкi мужык лысы ды барадаты.
- Не, пане суддзя, гэта не мужык, гэта бюст вялiкага некалi мысляра Сакрата, я гэта ведаю лепш. Вялiкiя сакрэты i цяпер яшчэ хаваюцца ў гэтай галаве, ведаю пана даўно i толькi на знак мае павагi i прыхiльнасцi магу гэты рарытэт уступiць яму, - i падрабязна расказаў пра ўсё, што здарылася ў купца i ў яго карчме.
Хапацкi смяяўся да слёз, слухаючы гэтыя авантуры, i дзiвiўся з людское прастаты i дурасцi. Пасля дастаў з кiшэнi табакерку.
- Ну, Дзядок, - кажа, - гневаўся за цыгару, а я цябе пачастую добрым тытунём.
Гэтак кажучы, засыпаў у нос Дзядку шчопцi табакi.
- Што робiш, пане суддзя, далiбог, каб з гэтага не было кепскага!
- Не палохайся, ён за гэта не разгневаецца: гэта ж галава, як кажаш, славутага мысляра Сакрата, а мудрыя галовы любяць тытунь, бо гэта дапамагае iм мыслiць.
Усвойскi перажагнаўся i таемна малiўся, баючыся, каб не прычынiлася чаго-небудзь у яго карчме.
- Не бойся, у мяне Дзядок не будзе сваволiць, бо я i сам не менш ведаю за Сакрата. Ну, развiтайся з iм, пане Ўсвойскi.
Ён сеў у брычку, паклаў Дзядка на каленi, сцебануў каня i знiк за павароткаю, а карчмар яшчэ доўга стаяў i глядзеў яму ўслед.
Гэта было гадзiны за паўтары пасля паўдня. Маёнтак пана Хапацкага за лесам, ад карчмы не больш за чатыры вярсты, але - дзiўная рэч! - конь бег i бег, мiнаў пагоркi i лясы, пан бачыў увесь час незнаёмыя краявiды, праязджаў паўз вёскi, маёнткi i палеткi, аднак нiдзе не мог убачыць свайго жытла, сустракаў падарожных, хацеў у iх даведацца, у якi край заехаў, ды конь так шпарка бег, што немагчыма было перамовiцца нi з кiм хоць словам.
Сонца схавалася за горы, ужо вечар, дарогу ахутаў шэры змрок, конь увесь у пене, iшоў ужо цiхай ступою.
