Я ўпершыню быў у гэтым краi - невядомы нiкому i сам нi з кiм не знаёмы. Я адзiн вандраваў па берагах Буга i Днястра,i, самотны, няраз змардаваны падарожжам i дзённаю спёкаю, перад захадам сонца, абапёршыся на абломак скалы, узiраўся ў чарадзейныя i таямнiчыя краявiды i туга распiрала мае грудзi, вока блукала бязмэтна, а думка ляцела далёка-далёка, каб спаткаць позiрк Адэлi, у якiм адлюстроўваецца яе чыстая душа, што мае болей хараства i прывабнасцi, чым усе цуды прыроды.

Пасля гэтага Саматнiцкi зноў нейкi час сядзеў нерухома, нiбы ў iм ужо не было iскрынкi жыцця; Зянон глядзеў на яго колькi хвiлiнаў, потым, каб абудзiць з гэтага летаргiчнага стану, запытаўся:

- I ў тым зямным раi не знайшоў ты забыцця?

Ён раптоўна прахапiўся i сказаў:

- I ў пакутах не знайду.

- Я б хацеў пабачыць той гожы край.

- Хто мае душэўны спакой, той усё бачыць у прыгожых колерах.

- Цi доўга ты быў на Падоллi?

- Першымi днямi верасня я падаўся далей, iшоў праз дзiкiя i пустыя стэпы. Зазнаўшы шмат невыгодаў i смутку, я дабраўся да Чорнага мора, да Адэсы.

Адэса - горад, пабудаваны па новай модзе: вулiцы шырокiя, ходнiкi для пешаходаў зручныя, дамы i касцёлы пекнае архiтэктуры; наведваючы парты, рынкi ды розных гандляроў ва ўсiх кутках горада, я хацеў як хутчэй пазнаёмiцца з панам Рыльцам, але нi ад каго не мог даведацца, дзе ён жыве. Нават i жыд-фактар, добра ўзнагароджаны, пытаючыся i адных i другiх, не змог мне дапамагчы; я ўжо пачаў адчайвацца, мяркуючы, што не пабачу яго i не даведаюся пра таямнiцу каляровых водаў, якiя я так старанна захоўваў у часе доўгай i цяжкай вандроўкi.



12 из 22