Паблiзу мае кватэры на грэцкай вулiцы быў тракцiр7, дзе штодня i ва ўсялякi час можна было бачыць мяшчан, якiя збiралiся дзеля камерцыйных iнтарэсаў. Бываў i я там, i, як у тэатры, любiў прыглядацца да прадстаўнiкоў розных народаў; у кожнай грамадзе, за кожным сталом гучала iншая мова, вялася гаворка па-нямецку, па-грэцку, па-iтальянску.

Чытаючы пры гарбаце газеты, я слухаў перамовы купцоў, камiсiянераў ды рознагалосыя апавяданнi чужаземцаў. I вось зайшоў чалавек з задумлiвым тварам, сярэдняга росту, каржакаваты, густабровы, i хоць з выгляду яму было за пяцьдзесят, хоць яму можна было даць за пяцьдзесят гадоў, выглядаў ён здаровым i дужым. Незнаёмец загадаў прынесцi гарбаты, расклаў перад сабою паперы, на якiх было нешта намалявана, абапёрся на руку i, узiраючыся ў тыя паперы, паглыбiўся ў думкi; некаторыя, заўважыўшы гэта, падыходзiлi да ягонага стала, з цiкаўнасцю пазiралi на малюнкi ды на чалавека i адыходзiлi, адны са здзiўленнем, iншыя з усмешкаю. Ён жа, падумаўшы нейкi час, пацёр лоб i прамовiў:

- Больш выпрабаванняў, больш пакутаў; некалi былi адны дзiвосы, у будучым - будуць iншыя.

Сказаўшы гэта, ён склаў паперы i пачаў налiваць сабе гарбату. Сядзячы побач i чуючы з ягоных вуснаў польскiя словы, я, каб даведацца, хто гэта такi, загаварыў з iм:

- Пан прыезджы цi тутэйшы жыхар?

- Я жыхар-падарожнiк, як i ўсе людзi, а ўжо гадоў дзесяць вяду размову з гэтым краем.

- Не магу, - кажу я, - знайсцi кватэру пана Рыльца, нiхто яго тут не ведае.

- Гэта спакайней для чалавека, калi яго нiхто не ведае; а навошта ты яго шукаеш? - сказаў ён, прыглядаючыся да мяне, нiбы жадаючы пазнаць альбо нешта выпытаць.

- Быў на Ўкраiне ў садзе Гайнара i маю ад яго нейкiя каляровыя воды для пана Рыльца.

- Я - Рылец, - паведамiў ён, i твар ягоны праяснеў. - Ты быў на Ўкраiне, пазнаёмiўся з Гайнарам, бачыў ягоны сад? Ну, што раскажаш мне пра гэта. А тыя каляровыя воды вельмi мне патрэбныя. Калi ласка, хадзем у хацiну: прыемна мне будзе даведацца пра ўсё падрабязна.



13 из 22