
Потым мы доўга яшчэ размаўлялi з панам Рыльцам пра Ўкраiну, пра Гайнара i ягоны сад i пра мае вандроўкi па Падоллi. Ён прыгадваў даўнiя знаёмствы ў тых краях, апавядаў пра розныя здарэннi ў сваiм жыццi, якiм чынам трапiў у Адэсу i якая выпала яму тут доля; так размаўлялi мы да позняга вечара.
На другi дзень у прызначаны час я прыйшоў да пана Рыльца; ён працаваў з каляровым пяском i рознымi акамянеласцямi, якiя тоўк, перабiраў, аддзяляў ад iх нейкiя часткi ды раскладаў на стале. Ён папрасiў мяне дапамагчы. Я прасяваў пясок, прамываў дробныя часткi вапны ды перасыпаў iх у шкляныя слоiкi; так доўжылася наша праца аж да самага захаду сонца. Калi ўжо звечарэла, мы селi каля вакна, нiбы адпачыць; асеннi вецер шумеў у густой акацыi, хвалявалася мора, а пан Рылец, пазiраючы на чорныя валы, што разбiвалiся аб бераг, так пачаў гаварыць:
- Гэтыя салёныя хвалi, разбушаваўшыся колiсь, выйшлi з высокiх берагоў, залiлi ўсю прастору зямнога шара i пакiнулi вадзяных iстотаў на вечны ўспамiн у тоўшчы зямлi, у вапнавых скалах i на высокiх гарах. Даследчыкi, сустракаючы гэтыя дзiвы, бачаць сляды мiнулага жыцця i паглыбляюцца ў таямнiчую мiнуўшчыну; i кожны з iх паводле свайго разумення стараецца прачытаць ды вытлумачыць гэтыя iероглiфы; час мераюць яны тысячагоддзямi; сягаюць у самую сiвую даўнiну, каб розумам ахапiць усе варункi iснавання гэтага свету. Але дарэмныя iхнiя намаганнi: глыбiнi зямлi, горы ды скалы - гэта трупы мiнулых стагоддзяў, халодныя i нямыя, яны не раскажуць iм нi пра пачатак, нi пра поступ стагоддзяў, нi пра перамены ў жыццi, нi пра канец свой; каб убачыць даўно мiнулы свет, трэба ўваскрэсiць, ажывiць даследаваць яго таямнiцы, знайсцi пачатак i канец усяго. У кожную эпоху прырода - непрачытаная кнiга; шчаслiвы, хто добра разгледзеў свет, у якiм жыве, i ўваскрэсiў частку мiнуўшчыны; каб расказаць пра ўсе цуды - мала слоў у чалавечай мове.
