З паўгадзiны размаўлялi мы пра розных iстотаў, што жывуць на сушы, у моры i ў паветры, пра тое, як змянялася iхняя форма, чаму знiклi асобныя вiды, рэшткi якiх можна знайсцi толькi ў тоўшчы зямлi, у бурштыне i ў вапнавых скалах. Пасля пан Рылец падняўся з крэсла, запалiў дзве свечкi, выняў з шафы шкляныя слоiкi рознае формы i памераў, парашкi паклаў на стол (адны з iх былi з нейкiм металiчным бляскам, iншыя - з крышталёвым, яшчэ былi шэрыя, чорныя, чырвоныя) i сказаў мне:

- Цяпер будзем даследаваць таямнiцу ды моц каляровых вадкасцяў, што ты прывёз мне ад пана Гайнара: убачыш iх моц, убачыш цуд ўваскрашэння iстотаў, якiя тысячы гадоў ляжалi некранутыя ў сваiх скалiстых магiлах; убачыш i такiх, што чалавечае вока не заўважае, а мiкраскопы ледзь толькi прыкмячаюць iхнi рух ды форму.

Сказаўшы гэта, ён выйшаў за дзверы i хутка вярнуўся з хлопцам, якому было, можа, крышку болей за пятнаццаць гадоў: бледнатвары, нос сплюснуты, тоўстыя губы, густыя, як шчацiнне, натапыраныя валасы.

- Гэта мой лёкай, глухi i нямы, - сказаў гаспадар. - Увогуле, мне такi i патрэбны: не чуе маiх размоваў i не раскажа тым, каму гэта не трэба ведаць; я рады, што знайшоў сабе такога памочнiка.

Ён загадаў хлопцу напоўнiць вадою падрыхтаваны посуд, а пасля пачаў даследаваннi. Спачатку паставiў на стол мiску, у якой была салёная марская вада i дзве запаленыя свечкi; я падступiўся блiжэй, каб лепей бачыць, што будзе тут рабiцца. Вучоны сыпнуў у мiску жменю патоўчанае вапнавае скалы, якая складалася з акамянелых ракавiнаў ды iншых марскiх iстотаў; нейкi час ён моўчкi ўзiраўся ў ваду, змешаную з вапнаю, потым улiў туды некалькi кропляў сапфiравае вадкасцi - i, ў мiсцы нечакана заварушылася, забурлiла; праз колькi хвiлiнаў ён дадаў туды кроплю чырвонае вадкасцi i сказаў:

- Глядзi цяпер.

Я ўбачыў жывых вустрыцаў i ўсялякiх слiмакоў: яны раскрывалi i закрывалi свае шкарлупкi; нейкiя вадзяныя павукi, рыбкi, маленькiя ракi i жукi розных колераў снавалi сюды-туды.



16 из 22